eye

База данных «Человек года Витебщины»

type your text for first image here

База данных «Человек года Витебщины»

База данных «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»

type your text for second image here

База данных «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»

База данных «Витебщина: документальное наследие»

type your text for third image here

База данных «Витебщина: документальное наследие»

База данных «Художники Витебщины»

type your text for 4th image here

База данных «Художники Витебщины»

База данных «Афганистан. Без права на забвение»

type your text for 5th image here

База данных «Афганистан. Без права на забвение»

База данных «Каталог подписных изданий»

type your text for 7th image here

База данных «Каталог подписных изданий»

База данных «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944»

type your text for 8th image here

База данных «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944»

Виртуальный проект «Витебщина в войне 1812 года»

type your text for 9th image here

Виртуальный проект «Витебщина в войне 1812 года»

Виртуальный проект «Святые покровители Витебщины»

type your text for 10th image here

Виртуальный проект «Святые покровители Витебщины»

Виртуальный проект «Военные дороги библиотекарей Витебщины»

type your text for 11th image here

Виртуальный проект «Военные дороги библиотекарей Витебщины»

База данных «Рэгіянальны архіў перыядычных выданняў»

type your text for 12th image here

База данных «Рэгіянальны архіў перыядычных выданняў»
Выборы Президента Республики Беларусь

  • anons-CHEKHOV-PALETTE 23 01 2025 anons
  • anons-INTELLECTUAL-RING 30 01 2025
  • anons-notarius-30-01-2025
  • anons-ExLibris
  • anons-presidential library
  • anons-litres
  • anons-elib-nlb
  • shkola-mastak
  • anons-echz
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС

К Году благоустройства
К 80-летию Великой Победы

Янка Купала

 
2007-kupala-kolas

 

ЯНКА КУПАЛА

 

Купала Янка [інш. псеўд. Адзін з «парнаснікаў», Вайдэльота, Здарэнец, Левы, Марка Бяздольны, Ня-Гутнік, Стары Мінчук, Янук з-пад Мінска, Янук Купала; крыпт. К., І.К., Я.К., К-а, Л., І.Л., Л.І.; (творы паэта, падпісаныя псеўданімамі Цімох Каруза, Я.Купальскі, Янка Луцэўчык, К-А-А, Я.К.-ла, пакуль не ўдалося адшукаць); сапр. Луцэвіч Іван Дамінікавіч; 25.6(7.7). 1882, былы фальварак Вязынка Мінскага пав., цяпер в.Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1942, Масква; пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску], паэт, драматург, публіцыст, перакладчык. Член СП Беларусі з 1934. Першы ўдастоены звання Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН Беларусі (1928) і АН Украіны (1929). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941; за зб. вершаў «Ад сэрца»). Пісаў на беларускай, польскай і рускай мовах.

 

 Kupala

 

Нарадзіўся ў сям'і беззямельнага арандатара. Бацька, Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч (1846— 1902), паходзіў з беззямельнай засцянковай шляхты, родавае гняздо якой было ў засценку Лазараўшчына (Пяскі, Луцэвічы Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер тэрыторыя Уздзенскага раёна). Адукацыю меў невялікую, чытаў па-польску. Маці Бянігна Іванаўна (дзявочае — Валасевіч, 1857—1942) паходзіла з сям'і дробнага шляхціца; нарадзілася ў фальварку Няшота Мінскага пав. (цяпер в.Ручын Стаўбцоўскага р-на). Продкі Я.Купалы належалі да беларускага шляхецкага, а потым (з 1869) мяшчанскага роду (паводле тагачаснай саслоўнай тэрміналогіі), роданачальнікам якога лічыўся Станіслаў Луцэвіч (17 ст.). У 19 ст. Луцэвічы — тыповая чыншавая земляробчая шляхта, блізкая па эканамічнаму становішчу і спосабу жыцця да сялян, але са сваімі адметнымі саслоўнымі рысамі. Яны былі выселены з засценка Пяскі, калі той апынуўся ва ўладанні князя Вітгенштэйна, і з таго часу арандавалі зямлю «на запашках», г. зн. апрацоўвалі зямлю ўладальніка фальварка, аддаючы звычайна палову ўраджаю. У пошуках зямлі і працы бацькі Я.Купалы вымушаны былі пераязджаць з месца на месца. Вандроўнае жыццё перашкаджала будучаму паэту атрымаць сістэматычную адукацыю. У вандроўных настаўнікаў спачатку вучыўся па-польску, а рускую азбуку вывучыў з дапамогай няні. Адну зіму наведваў Сенніцкае двухкласнае народнае вучылішча, у Мінску каля пяці месяцаў вучыўся ў прыватнай падрыхтоўчай школе. Скончыў Бяларуцкае двухкласнае народнае вучылішча (1898).

Калі Луцэвічы жылі ў Селішчы, будучы паэт пазнаёміўся з уладальнікам суседняга маёнтка 3. Чаховічам, паплечнікам К.Каліноўскага, які быў асуджаны за ўдзел у паўстанні на 12 гадоў катаргі, а з 1870 жыў на паўлегальным становішчы ў сваім маёнтку Малыя Бесяды. Я.Купала карыстаўся яго багатай бібліятэкай, дзе ўпершыню пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай, пераважна пра паўстанне 1863 года. Знаёмства з З.Чаховічам як прадстаўніком вызваленчага беларускага руху аказала дабратворны ўплыў на фарміраванне асобы будучага паэта, было штуршком для развіцця яго нацыянальнай самасвядомасці, абудзіла яго цікавасць да мінулага Беларусі.

У Селішчы ў 1902 памёр бацька Я.Купалы, і, як старэйшы з семярых дзяцей, Ясь застаўся за гаспадара. Праз паўгода ад шкарлятыны памёр малодшы брат Казік, а яшчэ праз тыдзень — сёстры Гэля і Сабіна. У пошуках заробкаў будучы паэт пайшоў «у людзі»: у 1903 пачаў працаваць вандроўным настаўнікам, затым пісарам у судовага следчага ў Радашковічах. Служыў у канторы маёнтка Беліца Сенненскага пав. Магілёўскай губ. У сувязі з хваробай маці пакінуў службу і вярнуўся ў Селішча, дзе зноў працаваў на гаспадарцы. У 1905 паступіў практыкантам на бровар Сёмкава Мінскага пав., дзе фактычна быў чорнарабочым. У 1906—07 працаваў памочнікам вінакура на заводзе ў Яхімаўшчыне Вілейскага пав., затым у маёнтку Дольны Сноў Навагрудскага пав. Мінскай губ.

Пасля трохгадовай катаржнай работы на вінакурных заводах восенню 1908 Я.Купала паехаў у Вільню, дзе працаваў бібліятэкарам у прыватнай бібліятэцы «Веды» Б.Даніловіча і супрацоўнічаў у беларускай газеце «Наша Ніва». Гэта быў перыяд самаадукацыі і творчага станаўлення паэта, пошуку духоўных арыенціраў, выпрацоўкі эстэтычных прынцыпаў і выспявання нацыянальна-адраджэнцкага светапогляду. Як заўсёды Я.Купала вельмі многа чытаў польскіх (У.Сыракомля, М.Канапніцкая, Э.Ажэшка) і рускіх (М.Някрасаў, А.Кальцоў) аўтараў. Знаёмства з творамі беларускіх пісьменнікаў Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі, а таксама багаты беларускі фальклор, да якога Купала быў далучаны з дзяцінства, выхавалі ў ім любоў і павагу да беларускага мастацтва слова.

Віленскі перыяд жыцця і дзейнасці Я.Купалы (1908—09) скончыўся тым, што неспрыяльныя ўмовы, якія склаліся для яго ў рэдакцыі «Нашай Нівы», прымусілі яго пакінуць гэтае месца работы. Я.Купала прагнуў вучыцца далей і ў пачатку снежня 1909 з рэкамендацыйным лістом У.Самойлы да Б.Эпімах-Шыпілы паехаў у Пецярбург. 3 1909 на працягу 4 гадоў, выязджаючы ўлетку да маці ў Акопы, Купала жыў у Пецярбургу, вучыўся там на агульнаадукацыйных курсах А.Чарняева, адчуваючы заўсёдную маральную і матэрыяльную апеку Б.Эпімах-Шыпілы. Вучоба на курсах дапамагла сістэматызаваць і папоўніць веды, атрыманыя шляхам самаадукацыі. Сваёй творчасцю пецярбургскага перыяду (1910—13) Я.Купала ўводзіў беларускую літаратуру ў еўрапейскі культурны кантэкст. У Пецярбургу ён прымаў удзел у рабоце навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага універсітэта. У 1911 ён пазнаёміўся са стваральнікам першага беларускага тэатра І.Буйніцкім, з рускім пісьменнікам У.Караленкам. Гэтыя гады былі для паэта часам напружанай вучобы і работы над сабой, часам, калі ён асабліва шмат і плённа тварыў, адчуваючы найбольш абвострана на адлегласці сваю крэўную прыналежнасць да беларускага народа і гарачую любоў да Бацькаўшчыны.

Пасля заканчэння вучобы ў Пецярбургу (1913) Я.Купала вярнуўся ў Вільню і пачаў працаваць сакратаром у «Беларускім выдавецкім таварыстве», затым перайшоў у рэдакцыю газеты «Наша Ніва». 3 сакавіка 1914 газета пачала выходзіць за подпісам Янкі Купалы, як адказнага рэдактара (фактычна абавязкі рэдактара ён пачаў выконваць значна раней). У студзені 1915 камітэт па справах друку ў Вільні ўзбудзіў супраць яго, як рэдактара «Нашай Нівы», судовую справу за надрукаванне артыкула «Думкі». У сувязі з набліжэннем лініі фронта Першай сусветнай вайны 8 жніўня 1915 Я.Купала эвакуіраваўся з Вільні. Ён наведаў у Акопах маці, па запрашэнні свайго знаёмага С.Жывапісцава выехаў у Арол, а потым у Маскву, дзе паступіў у народны універсітэт імя А.Шаняўскага на гісторыка-філасофскі факультэт. 23 студзеня 1916 у Маскве Я.Купала ажаніўся з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч. Неўзабаве яго прызвалі ў армію: некалькі месяцаў служыў у Мінску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін, а затым у Полацку і Смаленску. 3 ліпеня 1918 Купала працаваў агентам па забеспячэнні харчамі Заходняй вобласці, часта выязджаў у камандзіроўкі ў Смаленскую і Курскую губерні. Разам з М.Гарэцкім паэт быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. У Смаленску ён сустракаўся з Ц.Гартным, Ф.Туруком, А.Чарвяковым, Я.Дылам і інш. Шмат часу прысвячаў вывучэнню славянскай міфалогіі дзеля працы над перакладам «Слова аб паходзе Ігаравым».

У 1919, пасля абвяшчэння БССР, Я.Купала пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск. Тут ён працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопісы «Рунь» (1920) і «Вольны сцяг» (1920—22). У гэты час 1920—22 цяжка хварэў, аднак, акрыяўшы, зноў вярнуўся да актыўнай грамадскай і літаратурнай дзейнасці. 3 пачатку 1921 Я. Купала працаваў намеснікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Народнага камісарыята асветы БССР, уваходзіў у склад Акадэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі. З'яўляўся членам навукова-літаратурнай (а пасля навукова-рэдакцыйнай) калегіі Наркамасветы БССР, якая разглядала прадстаўленыя да друку творы (пазней яна стала называцца камісіяй, а яе старшынёй быў прызначаны Я.Купала). У 1921 адбыўся інцыдэнт з уладамі: на паэта быў накладзены хатні арышт і канфіскаваны рукапісы. Я.Купала быў сярод ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра (1920), Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1921), Інстытута беларускай культуры (1922, абраны яго правадзейным членам). Прымаў удзел у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Разам з Я.Коласам, Ц.Гартным, А.Гурло, М.Чаротам і іншымі пісьменнікамі быў адным з ініцыятараў стварэння літаратурнага аб'яднання беларускіх пісьменнікаў «Полымя», актыўна ўдзельнічаў у рабоце гэтага аб'яднання (1927—32).

Аднак ужо набліжаліся злавесныя 30-я гады, калі ўсё нацыянальна значнае ў мастацтве абвяшчалася класава варожым і шкодным. Творы Я.Купалы (зборнікі «Жалейка», «Гусляр») падвяргаліся значнай цэнзурнай праўцы. Летам 1930 у друку з'явіўся артыкул Л.Бэндэ «Шлях паэта», у якім паэт абвяшчаўся «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму». У 1930 у Акопах былі раскулачаны маці і сястра паэта і прызначаны да высылкі ў Котлас. Актывізацыя сталінскага тэрору, барацьба з так званай «нацдэмаўшчынай» прывяла ўлетку 1930 да шматлікіх арыштаў сярод пісьменнікаў, дзеячаў навукі, асветы, культуры. Я.Купала тады не трапіў за краты, але яго рэгулярна выклікалі на допыты ў ДПУ, дзе патрабавалі паказанняў аб «контррэвалюцыйнай» арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі», лідэрам якой ён нібыта быў. Узвесці такі паклёп на сябе і на іншых паэт не мог, на допытах праяўляў мужнасць і высакароднасць, што было адзначана і ягонымі следчымі. 27 лістапада 1930 Я.Купала зрабіў спробу самагубства. Аднак яго жыццё ўдалося выратаваць. У снежні 1930 у «Звяздзе» быў апублікаваны так званы «пакаянны» ліст Я.Купалы, напісаны фактычна пад дыктоўку Л.Бэндэ, у якім паэт вымушаны быў прызнавацца ў «памылках» і «шкодных поглядах», абяцаў парваць з «кулацкім нацыяналістычным адраджанізмам» і «аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву». Вонкава стварылася ўражанне, нібыта Купала сапраўды быў у гушчы літаратурнага і грамадскага жыцця: ён удзельнічаў у розных камітэтах і камісіях па ўшанаванні памяці і правядзенні юбілеяў класікаў рускай і нацыянальных літаратур, быў дэлегатам тагачасных урачыстых літаратурных форумаў і з'ездаў. Аднак гэта ўсё было пампезным камуфляжам нечуванай палітыкі духоўнага і фізічнага тэрору, якую праводзіў сталінскі апарат. У 1934 Я.Купала, дзякуючы спецыяльным загадам М.Горкага і рэдактара «Известий» І.Гронскага, якія ратавалі яго ад рэпрэсій, удзельнічаў у рабоце 1-га з'езда Савецкіх пісьменнікаў БССР, выбраны членам Праўлення і дэлегатам на 1-ы з'езд ССП СССР з правам рашаючага голасу.

У 1937 Я.Купала зноў аказаўся ў спісе чарговых ахвяраў рэпрэсій сярод тых нешматлікіх пісьменнікаў, хто яшчэ заставаўся на свабодзе. Аднак расправу над паэтам удалося адцягнуць яшчэ на пяць гадоў. Ён быў нават выбраны ў склад новага бюро секцыі паэзіі ССП БССР (1937), у склад прэзідыума Праўлення ССП СССР (1939), дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. У 1939 разам з брыгадай беларускіх пісьменнікаў удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР.

Вялікая Айчынная вайна заспела паэта ў Каўнасе, дзе ён знаходзіўся па запрашэнні літоўскіх пісьменнікаў. У першыя ж дні вайны ў Мінску ад варожых бомбаў згарэла хата паэта з яго вялікім архівам і бібліятэкай. У ліпені агнём нямецкай артылерыі знішчана дача паэта ў Ляўках. 30 чэрвеня Купала выехаў з Ляўкоў у Маскву. 3 лістапада 1941 да сярэдзіны чэрвеня 1942 жыў каля Казані — у пасёлку Пячышчы Верхнеўслонскага р-на.

3 самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны паэт сваім словам уключыўся ў барацьбу з фашысцкімі захопнікамі: быў абраны членам прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, выступаў на антыфашысцкім мітынгу, разам з А.Талстым, А.Карнейчуком, В.Васілеўскай, З.Няедлым і іншымі ўдзельнікамі мітынгу падпісаў адозву да братоў-славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму. Удзельнічаў у 1-м Усеславянскім мітынгу і ў навуковай сесіі АН БССР (у Казані), дзе выступіў з дакладам «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя».

18 чэрвеня 1942 Я.Купала прыехаў у Маскву, а 28 чэрвеня ў гасцініцы «Масква» ён трагічна загінуў — упаў у лесвічны пралёт з 10-га паверха. Існуюць тры версіі гібелі паэта: няшчасны выпадак, самагубства, забойства. Афіцыйна доўгі час падтрымлівалася першая версія. У эмігранцкім беларускім друку смерць паэта звязвалася з самагубствам. Публікацыі канца 80-х г. (Б.Сачанка, Г.Колас і інш.), у якіх супастаўляюцца факты, аналізуюцца сведчанні відавочцаў і меркаванні блізкіх людзей, даюць падставу лічыць, што Я. Купала быў забіты агентамі дзяржбяспекі. Матэрыялы камісіі, якая займалася высвятленнем абставін яго гібелі, да гэтага часу засакрэчаныя, таму дакументальнага пацверджання пакуль што ніводная з версій не мае. 1 ліпеня 1942 пасля крэмацыі Я.Купала быў пахаваны ў Маскве. У 1962 урна з прахам Купалы перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.

Выбіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР у 1927—29, членам ЦВК БССР у 1929—31, 1935— 38. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1940. Узнагароджаны ордэнам Леніна, медалём, ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў Беларускай ССР і Грузінскай ССР.

Свой першы літаратурны твор Я.Купала напісаў у 1903 у в. Селішчы: гэта быў верш, прысвечаны сястры Леакадзіі ў дзень яе нараджэння. Пачынаў пісаць па-польску (некалькі вершаў былі надрукаваны ў польскім часопісе «Ziarno» («Зерне»). Па сведчанні паэта, «Дудка беларуcкая» Ф.Багушэвіча і «Гапон» В.Дуніна-Марцінкевіча канчаткова пераканалі яго, што менавіта родным словам, а не рускай або польскай мовай, ён зможа выказаць у вершах душу і запаветныя думкі беларускага народа. Да таго ж на самым пачатку творчай дзейнасці будучы паэт пазнаёміўся і вельмі зблізіўся ў Карпілаўцы з беларускім пісьменнікам Ядвігіным Ш. (Антонам Лявіцкім), які заахвочваў яго пісаць па-беларуску. На станаўленне Я.Купалы як паэта паўплываў таксама беларускі публіцыст і літаратурны крытык У.Самойла (адзін з рэдактараў газеты «Минский курьер»).

Першы беларускі верш "Мужык" быў апублікаваны ў мінскай газеце «Северо-Западный край» 15 мая 1905. 3 1907 вершы паэта сістэматычна друкаваліся ў газеце «Наша Ніва». Іх тэматыка — прыгнечанае бяспраўнае жыццё беларускага селяніна, краса роднага краю, прыгажосць стваральнай працы чалавека. Аднак нацыянальны ўціск і рэчаіснасць, поўная сацыяльных супярэчнасцей, залежнасць ад абставін і жорсткіх законаў, а часцей беззаконня, стваралі мастацкую калізію паміж высокімі ідэаламі, памкненнямі творцы і тым рэальным жыццём, у якім яму даводзілася змагацца за сваё існаванне і, у рэшце рэшт, гінуць. Ужо ў ранніх творах Купалы акрэсліваецца ідэя свабоды — нацыянальнага, сацыяльнага і духоўнага разнявольвання чалавека — як вызначальная ідэя ўсей яго творчасці.

У 1908 у Пецярбургу выйшла першая кніга паэзіі Я.Купалы «Жалейка», якая двойчы канфіскоўвалася: першы раз па распараджэнні Пецярбургскага камітэта па справах друку, другі — па прадпісанні віленскай адміністрацыі. Разумеючы вялікае значэнне выхаду першай купалаўскай кнігі для беларускай культуры, У.Самойла ў сваім крытычным водгуку пад назвай «Вялікае свята» так пісаў аб «Жалейцы» і яе аўтары: «Сонца жывой, сапраўднай паэзіі заглянула ў ваконца цёмнай, беднай, але вялікай хаты беларускага народа! Няхай ён будзе для беларусаў тым, чым быў Шаўчэнка для Украіны!.. Прыдуць лепшыя часы, і за подзвіг яго родны народ заплаціць яму лепшай сваёй удзячнасцю — бессмяроццем!...».

Другі зборнік вершаў Я.Купалы «Гусляр» выдадзены лацінкай (Пецярбург, 1910). У адрозненні ад «Жалейкі» з яе элегічнасцю, плачам над адвечнай нядоляй селяніна, у «Гусляры» выразна праяўляецца рамантычнае светаадчуванне аўтара, акрэсліваецца філасофская, экспрэсіянісцкая плынь яго лірыкі. Са шматлікіх вершаў «Гусляра» паўстае рамантычны вобраз паэта як «сына міра», прарока, што сам спазнаў таямніцы свету і жадае адчыніць іх людзям. Моцным акордам гучыць эсхаталагічная тэма, матыў самотнасці і разгубленасці лірычнага героя, які гатовы праклясці ўвесь свет і забыцца ў вечным сне. Менавіта ў «Гусляры» — выданні часоў, калі грамадства перажывала перыяд рэакцыі, найбольш выразна адбілася рамантычнае раздваенне душы лірычнага героя, у якой суіснуюць адчуванні далучанасці да Сусвету, пачуццё абранасці і высокай наканаванасці чалавека, а з другога боку, бяссілле і адчай пры сутыкненні з чужой і варожай рэчаіснасцю. Гэтыя матывы гучалі не толькі ў філасофскай медытацыйнай лірыцы, але і ў творах баладнага жанру («Памяці С.Палуяна»), драматычнай паэме «Адвечная песня».

Творча плённым, узлётным для Я.Купалы быў перыяд 1910—13, калі ён вучыўся ў Пецярбургу, а ўлетку жыў у Акопах, дзе напісаны буйнейшыя творы гэтай пары. Трэці паэтычны зборнік Я.Купалы «Шляхам жыцця» (1913) быў фактычна вяршынным дасягненнем тагачаснай беларускай літаратуры, а яго аўтар стаў бясспрэчным яе лідэрам. У вершах гэтага зборніка выразна адбіўся патрыятызм і глыбінны гістарызм паэта, найбольш яскрава ўвасобілася ідэя свабоды і абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Купала імкнуўся абудзіць у чытача пачуццё гордасці і ўдзячнасці да продкаў, якія былі здольныя захоўваць сваю дзяржаўнасць і незалежнасць, бараніць зямлю ад ворагаў, развіваць адметную культуру («Над Нёманам», «На куццю», «На дзяды» і інш.): многія з твораў, дзе развіваліся такія матывы, былі ў пазнейшы час забароненымі, не ўваходзілі ў зборы твораў і не перадрукоўваліся да канца 80-х гадоў. Адраджэнцкі, нацыянальны характар творчасці Я.Купалы праяўляўся і ў вершах рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, у якіх паэт апяваў набліжэнне светлых перамен у жыцці, услаўляў будучыню, прадвесцем якой для яго быў створаны паэтычным уяўленнем вобраз Маладой Беларусі, абуджанай да гістарычнага самасцвярджэння. У вобразе Прарока (Званара, Гусляра), які прымаў аблічча Падарожнага, Незнаёмага, паэт прадракаў Вялікі Сход, дзе будзе вырашаны нацыянальны лёс народаў і сацыяльны лёс працоўных. У паэмах «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», драматычнай паэме «Сон на кургане», паэме-ідыліі «Яна і я» Купала выявіў сябе буйнейшым прадстаўніком нацыянальнага рамантызму. У сімвалічных вобразах і карцінах ён стварыў шырокае палатно нацыянальнага быцця ў яго сацыяльным зрэзе, паказаў арганічнасць выспявання ў ім рэвалюцыйнай ідэі.

У 1914—15 з'яўляецца цыкл яго вершаў «Песні вайны», шэдэўры любоўнай лірыкі («Таей даўгажданай», «Сыйду», «На вуліцы», «Мусіць трэба было», «А яна...»). На працягу трох наступных гадоў Купала, перажываючы разам з народам цяжкі перыяд нацыянальнай гісторыі, вершаў не пісаў, зноў пачаў тварыць у канцы 1918. Яго вершы той пары «Званы»,«Буралом», «Спадчына», «Рунь», «Першы снег», «Паязжане» і інш. — гэта роздум аб гістарычных шляхах Бацькаўшчыны, вынашаны ў трохгадовым маўчанні, прасякнуты ўласцівай паэту філасофскай глыбінёй. Гэтыя вершы ўвайшлі ў чацвертую паэтычную кнігу Купалы «Спадчына» (1922). Зборнік выклікаў пэўнае расчараванне тагачаснай крытыкі, якая чакала ад паэта новых тэм і матываў — услаўлення Кастрычніка і прынесеных ім жыццёвых перамен. Купала ж заставаўся песняром Бацькаўшчыны, палітычнае становішча якой у гэты перыяд было вельмі складаным. Мастацкі позірк паэта імкнуўся вылучыць сутнасць падзей, іх суаднесенасць з каштоўнасцю кожнага асобнага чалавека. Ён бачыў і адчуваў, як у рэвалюцыйнай віхуры нішчацца і руйнуюцца лёсы, як родныя людзі становяцца па розныя бакі барыкад, як пошукі выйсця абарочваюцца бездарожжам. Таму ў яго лірыцы па-ранейшаму гучалі драматычныя і трагічныя ноты, жаданым заставаўся ідэал свабоднай Бацькаўшчыны.

Другую паслярэвалюцыйную кнігу Я.Купалы «Безназоўнае» (1925) склалі вершы, пераважна створаныя ў 1919 і 1921, а таксама аднайменная паэма, напісаная ў 1924. Многім даследчыкам у кнізе бачылася адлюстраванне ранейшых нацыянальна-адраджэнцкіх поглядаў аўтара і тлумачылася як негатыўная з'ява. Для Купалы ж вершы ў кнізе і паэма «Безназоўнае» былі арганічным, паслядоўным выяўленнем яго творчага «я». Паэт не адступаў ад сваёй канцэпцыі чалавека, апірышчам духоўнасці для якога і ў перайначаным пралетарскай рэвалюцыяй свеце заставаліся «сны аб Беларусі».

У З0-я гады, калі творчае самавыяўленне станавілася немагчымым, Купала ўсё ж імкнуўся асэнсаваць плынь жыцця, каб стварыць адэкватны мастацкі вобраз. Аднак дыктат рэчаіснасці над воляй мастака непазбежна прыводзіў да таго, што шлях творчай эвалюцыі Купалы ў гэтыя гады — гэта шлях ад адраджэнцкага рамантызму з яго культам духоўна разняволенай асобы і нацыянальнай незалежнасці да твораў рэпартажнага характару, мастацкі ракурс якіх быў прадвызначаны пануючай ідэалогіяй (паэма «Над ракой Арэсай»). Хаця ў некаторых яго вершах Ляўкоўскага цыклу («Алеся», «Лён») творчае самавыяўленне аўтара дасягнула пэўнай вышыні. У 1940 выйшла кніга паэзіі «Ад сэрца», куды былі ўключаны вершы 1937 - 39 і паэма «Тарасова доля».

Я.Купала стаў таксама прызнаным нацыянальным драматургам. Яго камедыя «Паўлінка» (напісана ў 1912, пастаўлена Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні ў 1913) як твор класічнай беларускай драматургіі не сыходзіць са сцэны да гэтага часу і з'яўляецца візітнай карткай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы ў Мінску. Ён аўтар драмы «Раскіданае гняздо» (напісана ў 1913, пастаўлена Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі ў Мінску ў 1917), сцэнічнага жарту "Прымакі" (напісаны ў 1913, пастаўлены БДТ—2 у 1936 у Бабруйску), сатарычнай камедыі «Тутэйшыя» (напісана ў 1922, пастаўлена БДТ—1 у 1926). Як і ў лірыцы, у персанажах сваёй драматургіі (Паўлінка і Якім Сарока, Сымон Зяблік, Алена Гарошка і Янка Здольнік) Я.Купала ўвасобіў высокія духоўныя памкненні чалавека, далучанага да перадавых ідэй свайго часу, яго высокія маральныя якасці, яго права кіравацца ў сваіх учынках уласным выбарам, жаданне знайсці справядлівасць. Ім створаны каларытныя, драматургічна насычаныя тыпажы камічнага і сатырычнага плану (Адольф Быкоўскі, Крыніцкія і Пустарэвічы ў «Паўлінцы», Мікіта Зносак у «Тутэйшых»), якія давалі прастору для іх рэжысёрскага прачытання і акцёрскага ўвасаблення. Сатырычная камедыя «Тутэйшыя», у якой гучала ідэя нацыянальнай незалежнасці Беларусі як ад Захаду, так і Усходу, доўгі час была ў ліку забароненых твораў. Цэнтральным персанажам гэтага твора, па сутнасці, з'яўляецца сама Беларусь — як адзіная непадзельная каштоўнасць, якой усёй душой імкнуцца служыць Аленка і Янка Здольнік, якую гатовы выгадна прадаць Мікіта Зносак і якую імкнуцца падзяліць ці падпарадкаваць сабе кожныя новыя ўладары ў пераломны час. Купалаўскія п'есы складаюць залаты фонд беларускай драматургіі.

Я.Купала стаяў таксама ля вытокаў нацыянальнай публіцыстыкі і журналістыкі як самастойнай галіны літаратурнай дзейнасці. Яго дарэвалюцыйныя публіцыстычныя творы заклікалі да паляпшэння сацыяльнага становішча шырокіх народных мас Беларусі («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры», «3 гуты Залессе»), закраналі праблемы нацыянальнай самасвядомасці («Ці маем мы права выракацца роднай мовы», «Святкаванне Купалы ў Вільні», «Вера і нацыянальнасць» і інш.). У 1913 пад псеўданімам Адзін з «парнаснікаў» Купала артыкулам «Чаму плача песня наша» прыняў удзел у вядомай дыскусіі з В.Ластоўскім (Юркам Верашчакам), у ходзе якой фактычна выпрацоўваліся і сцвярджаліся эстэтычныя прынцыпы тагачаснай беларускай літаратуры (не толькі ўстаноўка яе на народнасць і дэмакратызм, але і арыентацыя на высокі мастацкі ўзровень еўрапейскай літаратуры). У публіцыстыцы перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны паэт пісаў аб шляхах беларускага народа да нацыянальнага самавызначэння, закранаў праблемы нацыянальнай палітыкі Савецкай улады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як прадстаўнік нацыянальнай гуманістычна настроенай інтэлігенцыі, ён прапаведваў ідэал нацыянальнай рэвалюцыі, якая дазволіла б кожнаму народу стаць гаспадаром свайго лёсу, і супрацьпастаўляў яе рэвалюцыі сацыяльнай (пралетарскай) з яе дыктатурай, тэрорам і жаданнем падпарадкаваць сваім ідэям увесь свет («Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год»). Погляды Купалы вызначаліся дэмакратызмам, адмаўленнем насілля, сцвярджэннем прыярытэту агульначалавечых духоўных кашюўнасцей над класавымі. У гады Вялікай Айчыннай вайны публіцыстычным словам Купала заклікаў да змагання супраць фашызму. Артыкулы з яго подпісам змяшчаліся ў газетах «Правда», «Известия», «Красная звезда» і інш.

Шмат і плённа, на працягу ўсёй творчай дзейнасці, Я.Купала займаўся перакладам. Ён перакладаў творы А.Кальцова, М.Някрасава, А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, У.Сыракомлі, драму «Эрас і Псіха» Е.Жулаўскага. Ён зрабіў мастацкі пераклад «Слова аб палку Ігаравым» (празаічны ў 1919, паэтычны ў 1920), пераклаў «Інтэрнацыянал» Э.Пацье (1921). Шмат часу аддаваў мастацкаму перакладу ў 30-я гады (паэма «Медны коннік» А.Пушкіна, творы Т.Шаўчэнкі). Творы Купалы (пераважна паэтычных жанраў) перакладзены на многія мовы свету.

Творчасць Я.Купалы — невычэрпная крыніца эстэтычнага натхнення, мастацкай дасканаласці, якая жывіць сучасны літаратурна-мастацкі працэс. Традыцыі пісьменніка ўплывалі на беларускіх паэтаў розных пакаленняў. Асаблівае значэнне спадчына Купалы набыла ў канцы 80-х гадоў, калі былі надрукаваны шматлікія раней забароненыя яго творы. Імя Я.Купалы стала ў гэты час сімвалам новай хвалі нацыянальнага адраджэння і духоўным арыенцірам для маладога пакалення беларускіх літаратараў. Янка Купала — класік беларускай літаратуры, вялікі славянскі паэт і гуманіст. Яго творчасць заслужыла сусветнае прызнанне: у 1982 на Беларусі і, па рашэнні ЮНЕСКО, ва ўсім свеце ўрачыста святкавалася 100-годдзе з дня нараджэння народнага песняра.

Памяць пра Янку Купалу свята ўшаноўваецца беларускім народам. Яго імя прысвоена Беларускаму дзяржаўнаму акадэмічнаму тэатру ў Мінску, Інстытуту літаратуры АН Беларусі, Гродзенскаму дзяржаўнаму універсітэту. У Мінску створаны Літаратурны музей Янкі Купалы, арганізатарам і першым дырэктарам якога была ўдава паэта У.Ф.Луцэвіч (1891 —1960). На радзіме Я.Купалы, у Вязынцы, адкрыты філіял Літаратурнага музея, створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», дзе штогод у 1-ю дэкаду ліпеня праводзяцца купалаўскія святы паэзіі. Ва ўрочышчы Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. адбудавана спаленая ў час вайны дача паэта, у будынку былой канторы Копыскага лясніцтва адкрыты філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы, створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Мемарыялам увекавечана памяць паэта ў Акопах. Яго музей-кватэра адкрыта ў сяле Пячышчы Верхнеўслонскага р-на Татарстана (у 13 км ад Казані). Помнікі Янку Купалу ўзвышаюцца ў Мінску — у парку імя Янкі Купалы (скульптары А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, Дзяржаўная прэмія БССР 1974) і на Вайсковых могілках на магіле паэта (скульптары А.Анікейчык, Л.Заспіцкі); у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Ляўкі» (скульптар А.Анікейчык, створаны на аснове кампазіцыі «Восень паэта»). Помнікі-бюсты ўстаноўлены ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка» ў Радашковічах (скульптар А.Глебаў), у Араў-парку ў ЗША (скульптар А.Анікейчык). Устаноўлены мемарыяльныя дошкі на дамах, дзе ў розныя часы жыў Я.Купала: у Вязынцы, Ляўках, в. Яхімаўшчына Маладзечанскага р-на, в. Сенніца Мінскага р-на, в. Бяларучы, в. Старая Беліца Сенненскага р-на, в. Косіна Лагойскага р-на, у г. Мар'іна Горка, Барысаве, Маладзечне, Капылі. Пастановай Савета Міністраў БССР у 1959 устаноўлена Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (з 1965 Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы).

На Беларусі імем Янкі Купалы названы 4 калгасы — у Стаўбцоўскім, Пухавіцкім, Аршанскім і Клімавіцкім р-нах, саўгасы — у Маладзечанскім і Воранаўскім р-нах; пасёлак у Глускім, вёска ў Пухавіцкім р-нах. Яго імем названа 10 бібліятэк: гарадскія — Лідская, Мінская цэнтральная, Брэсцкая, Полацкая, Магілёўская, Віцебская і 6-я Гомельская, раённыя — Ляхавіцкая, Крупская, Вялікакракоцкая сельская; 8 сярэдніх школ: № 3 г. Мазыра, № 19 г. Мінска, № 1 г. Маладзечна, № 5 г. Бабруйска, Бяларуцкая Лагойскага, Копыская Аршанскага, Камунараўская 8-гадовая Любанскага і Сенніцкая Мінскага раёнаў. Імем паэта названа больш за 60 вуліц і завулкаў у гарадах і вёсках Беларусі: у Мінску, ва ўсіх абласных цэнтрах, у гарадах Ашмяны, Бабруйск, Барысаў, Баранавічы, Быхаў, Ваўкавыск, Жлобін, Лагойск, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Навагрудак, Орша, Пінск, Полацк і інш., гарадскіх пасёлках Глуск, Івянец, Радашковічы, Ружаны, Свіслач і інш., вёсках Сноў Нясвіжскага р-на і Лебедзева Маладзечанскага р-на. Пра ўсенароднае ўшанаванне памяці паэта сведчаць купалаўскія найменні за межамі Беларусі: сярэдняя школа № 53 г. Душанбе, 40-я масавая бібліятэка г. Харкава, вуліцы ў Кіеве, Ташкенце, Тбілісі, Рызе, Ніжнім Ноўгарадзе, Душанбе, Запарожжы, Беластоку і інш. Імем Янкі Купалы названы цеплаход Дунайскага і параход Волжскага параходстваў. Устаноўлены мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя песняру: у пас. Пячышчы, Вільнюсе, Санкт-Пецярбургу, Смаленску, Кіславодску, пас. Гаспра Ялцінскага гарсавета, в. Соф'іна Раменскага р-на Маскоўскай вобл. У г. Порту-Алегра (Бразілія) у 1932 імя Я.Купалы прысвоена бібліятэцы-чытальні пры аб'яднанні «Асвета». У 1992 у гонар паэта была выпушчана манета вартасцю ў 1 рубель.

Вобраз Янкі Купалы заняў годнае месца ў літаратуры і мастацтве. Яму прысвечаны вершы і п'есы, музычныя і кінематаграфічныя, жывапісныя і графічныя творы. Кампазітарам В.Помазавым напісаны вакальна-сімфанічны твор «Янка Купала». Жыццю і творчасці паэта прысвечаны хранікальна-дакументальны фільм «А зязюля кукавала» (1972), тэлефільмы «Паклон мой народу за песні» (1982), «Ніколі я не паміраў» (1992), «Імша па Купалу» (1993). Да юбілеяў Я.Купалы былі прыўрочаны мастацкія выстаўкі (1972, 1982, 1992). Творы паэта сталі крыніцай натхнення многіх кампазітараў. На сюжэт «Кургана» Я.Глебаў напісаў аднайменны балет, а І.Лучанок паэму-легенду «Гусляр», паводле «Паўлінкі» Ю.Семяняка стварыў аднайменную музычную камедыю. Г.Гарэлава напісала сімфанічную паэму «Бандароўна», А.Мдзівані стварыў цыкл хораў, Л.Шлег — харавую паэму «Вяснянка» паводле паэмы «Яна і я». Оперу-прытчу «Песня пра долю» на словы Купалы выконвае ансамбль «Песняры». Вершы паэта паклалі на музыку М.Аладаў, М.Анцаў, А.Багатыроў, К.Галкоўскі, А.Грыневіч, М.Мацісон, С.Палонскі, А.Пашчанка, Р.Пукст, Л.Рагоўскі, А.Сакалоўскі, А.Туранкоў, У.Тэраўскі, Я.Цікоцкі, М.Чуркін, Л.Ямпольскі і інш. На кінастудыі «Беларусьфільм» паводле п'ес Я.Купалы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і паэмы «Магіла льва» былі створаны фільмы.

Складаны лёс напаткаў архіў Я.Купалы. Вялікая частка напісанага ім прапала: паэт успамінаў, што калі жыў на вёсцы, шмат напісанага перадаваў У.Самойлу, — пры вобысках ці іншых абставінах частка рукапісаў была страчана; дасылаў у Вільню ў рэдакцыю «Нашай Нівы» рэвалюцыйныя вершы, якія па тагачасных умовах не былі надрукаваныя і недзе згубіліся. Частка матэрыялаў разам з бібліятэкай паэта знікла з Мінска ў час нямецкай акупацыі (1918). Пазней частка матэрыялаў знайшлася ў архіве Б.Эпімах-Шыпілы. У 1919—20 архіў Купалы быў канфіскаваны польскай дэфензівай, у 1921 — савецкай «надзвычайкай». У гады Вялікай Айчыннай вайны многія рукапісы паэта згарэлі разам з яго домам у Мінску і дачай у Ляўках. Аўтографы Купалы, што захоўваліся ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, былі вывезены ў Германію. Пасля смерці паэта былі прыняты захады, каб сабраць і зберагчы яго рукапісную спадчыну. Пастановай СНК БССР і Бюро ЦК КП(б)Б ад 2.7.1942 усе кнігі, рукапісы, лісты, фатаграфіі і інш. матэрыялы, якія адносяцца да жыцця і дзейнасці паэта, былі абвешчаны дзяржаўнай уласнасцю. У Літаратурным музеі Янкі Купалы сабраны і зберагаецца яго асноўны рукапісны фонд — больш за 500 рукапісаў. Сярод іх уласна аўтографы займаюць 1154 старонкі, аўтарызаваны машынапіс на правах рукапісу 107 старонак, друкаваны тэкст на правах рукапісу 827 старонак. Яго аўтографы зберагаюцца таксама ў многіх сховішчах краіны: Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскім доме) Расійскай АН (фонд Л.Клейнбарта), Архіве Расійскай АН (фонд Я.Карскага), Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (фонд І.Белавусава), Інстытуце сусветнай літаратуры імя М.Горкага Расійскай АН (фонд К.Накаракава), Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу (фонд Галоўнага ўпраўлення па справах друку), Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве г. Масквы (фонд універсітэта імя А.Шаняўскага), Беларускім дзяржаўным архіве (фонд Наркамасветы, ЦВК БССР), Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Беларусі і інш. Ёсць аўтографы Купалы ў прыватных калекцыях, а таксама за мяжой (зб. «Гусляр» з дарчым надпісам кампазітару Л.Рагоўскаму — у бібліятэцы імя Асалінскіх у Вроцлаве, Польшча; рукапісы паэта — у бібліятэцы і музеі імя Ф.Скарыны ў Лондане).

 

Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўнік: у 6 т. - Мн. : БелЭН, 1992-. Т. 3, с. 489 – 568.