Да 80-годдзя заснавання Віцебскай вобласці

Віцебскай вобласці – 80 год

Да 80-годдзя заснавання Віцебскай вобласці

Наваполацк - Культурная сталіца Беларусі-2018

Наваполацк - Культурная сталіца Беларусі-2018

Наваполацк - Культурная сталіца Беларусі-2018

Віцебскай вобласці – 80 год

Vicebskaj-voblasci-80
 

У 2018 годзе спаўняецца 80 год Віцебскай вобласці.

Ад блакітных азёр Браслаўшчыны і хваёвых бароў Расоншчыны да пойменных лугоў Дубровеншчыны і льняных плантацый Аршаншчыны, ад дуброў Пастаўшчыны да бярозавых гаеў Лёзненшчыны – на сотні кіламетраў з поўначы на поўдзень, з захаду на ўсход раскінулася Віцебшчына на тэрыторыі плошчай больш за 40000 квадратных кіламетраў.

Віцебская вобласць – самы паўночны рэгіён Беларусі, размешчаны ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны і вярхоўях Дняпра. На поўначы да межаў вобласці падступае старажытная Пскоўская зямля, на паўночным захадзе – Латвія і Літва. На захадзе і паўднёвым захадзе Віцебшчына мяжуе з Мінскай і Гродзенскай абласцямі, на поўдні – з Магілёўскай. На ўсходзе моцна паціскаюць руку беларусам жыхары Смаленшчыны.

 

Адміністрацыйна-тэрытарыяльна Віцебская вобласць дзеліцца на 21 раён. Абласны цэнтр – горад Віцебск. Найбуйнейшыя гарады – Орша, Полацк, Наваполацк. Сёлета горад Наваполацк абраны культурнай сталіцай Беларусі-2018.

У склад вобласці ўваходзіць 28 гарадскіх пасёлкаў, 247 сельскіх саветаў, 6517 сельскіх населеных пунктаў.

У Віцебскай вобласці пражываюць 1187983 чалавек, 72,88 % насельніцтва жывуць у гарадах, 85,14 % насельніцтва складаюць беларусы.

 

Падчас стварэння СССР (1922) тэрыторыя вобласці ўваходзіла ў склад Віцебскай губерні РСФСР. У 1924 годзе асноўная частка губерні (тая, што цяпер у Віцебскай вобласці) была перададзена Беларускай ССР.

Віцебская вобласць была створана 15 студзеня 1938 года на падставе Закона СССР ад 15 студзеня 1938 года «Аб змяненні і дапаўненні арт. арт. 22, 23, 26, 28, 29, 49, 70, 77, 78 і 83 Канстытуцыі (Асноўнага Закона) СССР».

2 чэрвеня 2009 года Віцебская вобласць, апошняй з рэгіёнаў Беларусі, набыла свой герб і сцяг. За аснову сучаснага герба быў узяты герб Віцебскай губерні 1856 года.

 

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны Віцебск з'яўляўся самым буйным культурным і прамысловым цэнтрам вобласці.

Да вайны ў вобласці было сканцэнтравана каля 40 % усёй апрацоўчай, тэкстыльнай прамысловасці рэспублікі.

3 ліпеня 1941 года ў Віцебску было эвакуіравана 37 асноўных прадпрыемстваў горада: станкабудаўнічыя заводы імя Камінтэрна і Кірава, трыкатажныя фабрыкі імя КІМ і Клары Цэткін, льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» і інш.

У 60–70 гады ХХ ст. у вобласці пабудавана шмат буйных сучасных заводаў: каляровых тэлевізараў, бялкова-вітамінных канцэнтратаў, «Эвістар», «Шкловалакно», керамзітавага жвіру, мэблевая фабрыка «Заря», Віцебскі домабудаўнічы камбінат, вытворчыя аб'яднанні «Нафтан», «Палімір», «Маналіт», «Электравымяральнік», «Оршабудматэрыялы» і многія іншыя. На карце вобласці з'явіліся новыя гарады, якія сталі буйнымі прамысловымі цэнтрамі Беларусі: Наваполацк і Новалукомль.

Сёння Віцебская вобласць – высокаразвіты прамысловы і сельскагаспадарчы рэгіён Беларусі. Прадукцыя прадпрыемстваў вобласці экспартуецца больш як у 40 краін свету.

 

Унікальныя флора і фауна, вялікая колькасць помнікаў прыроды і запаведных мясцін, прыгажосць краявідаў, багатыя культурныя традыцыі і гістарычныя спадчына – гэта ўсё Віцебшчына.

Прырода шчодра адарыла Віцебшчыну лясамі, багатымі лугамі, мудрагелістай мазаікай азёр, паўнаводнымі рэкамі. Віцебская вобласць уваходзіць у еўрарэгіён «Азёрны край». Тут знаходзіцца больш за 2800 азёр, больш за 500 рэк. Лес займае больш за трэць тэрыторыі вобласці – каля 60 % яе прыпадае на векавыя хвойныя лясы.

Асноўная роля па захаванню біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, абароне месцапражыванняў жывёл і раслін, у тым ліку і відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і спісы міжнародных канвенцый, належыць асабліва ахоўным прыродным тэрыторыям: запаведнікам, нацыянальным паркам, заказнікам і помнікам прыроды.

Сістэма асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Віцебскай вобласці ўключае: Бярэзінскі біясферны запаведнік, 2 нацыянальных паркі – «Браслаўскія азёры» і «Нарачанскі» (часткова), 25 заказнікаў і 76 помнікаў рэспубліканскага значэння, 60 заказнікаў і 162 помнікі мясцовага значэння. Самымі буйнымі заказнікамі рэспубліканскага значэння з'яўляюцца – «Чырвоны Бор» у Расонскім раёне, «Казьянскі» у Шумілінскім раёне, «Асвейскі» у Верхнядзвінскім раёне, «Ельня» ў Мёрскім раёне. Агульная плошча асабліва ахоўных тэрыторый Віцебскай вобласці – 381100 га.

 

Прыдзвінскі край – калыска асветнікаў і гуманістаў, сусветна вядомых дзеячаў культуры і мастацтва, таленавітых мастакоў і пісьменнікаў, кампазітараў і музыкантаў, даследчыкаў і вынаходнікаў.

Віцебская зямля славіцца імёнамі, якія складаюць гонар славянскай і сусветнай культуры: мастакі Язэп Драздовіч, Марк Шагал, Міхаіл Савіцкі, Іван Хруцкі, скульптары Заір Азгур, Андрэй Бембель, пісьменнікі і паэты Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч, фізік Жарэс Алфёраў, выдатны беларускі неўролаг Ігнацій Антонаў, вынаходнік, канструктар Павел Сухі, кампазітары Анатоль Багатыроў і Марк Фрадкін, гісторык музыкі, тэатра Іван Салерцінскі, акцеры Яроменка, Генадзь Гарбук і іншыя.

 

Віцебская вобласць мае багатую культурную спадчыну – больш за 3000 помнікаў археалогіі, гісторыі, культуры і архітэктуры. У вобласці 27 музеяў, 2 тэатры, філармонія.

Віцебшчына – радзіма знакамітага міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Штогод у Полацку праходзіць Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, у якім прымаюць удзел вядучыя музычныя салісты і калектывы Беларусі і еўрапейскіх краін. Фестываль дорыць гледачам незабыўныя музычныя сустрэчы ў канцэртнай зале Сафійскага сабора.

З 1993 года ў Дуброўне праводзіцца фестываль песні і музыкі Падняпроўя Расіі, Беларусі і Украіны «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне». За гады свайго існавання фестываль перарос межы горада, вобласці, рэспублікі і стаў спачатку рэгіянальным, а ў 2004 годзе – міжнародным. Традыцыйна ў ім бяруць удзел творчыя калектывы Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі, Чарнігаўскай вобласці Украіны і Смаленскай вобласці Расіі.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Шагалаўскія чытанні» праводзіцца ў Віцебску штогод з 1992 года. Ва Ўсесаюзных Шагалаўскіх чытаннях прынялі ўдзел дзясяткі даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Францыі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, ЗША, Ізраіля, Германіі, Латвіі і іншых краін. Мастацтвазнаўцы, гісторыкі і архівісты прадстаўляюць на канферэнцыі даклады, артыкулы і даследаванні, звязаныя з жыццём і творчасцю Марка Шагала і тым уплывам, які мастак аказаў на сусветную культуру і гісторыю.

Музычна-спартыўны фестываль у г. Браславе «VIVA BRASLAV» у рамках міжнароднага праекта «Бэла Дзвіна» збірае ўдзельнікаў з памежных раёнаў Беларусі, Літвы і Латвіі. Парусная рэгата, заплывы на байдарках і пляжны валейбол, конкурс маладых выканаўцаў і рок-канцэрты – ўсё гэта «VIVA BRASLAV».

Сафійскі сабор як музей гісторыі архітэктуры і канцэртная зала ўваходзіць у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Канцэртная зала ў Сафійскім саборы дзейнічае з 1983 года. Тут штогод праходзіць Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі». У праграме фестывалю як класічныя творы, так і творы сучасных кампазітараў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. «Званы Сафіі» – адзіны ў Беларусі фестываль арганнай музыкі.

Міжнародны музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага праводзіцца ў Віцебску штогод, пачынаючы з 1989 года. У рамках фестывалю праходзяць музычныя канцэрты, выставы, тэатральныя пастаноўкі, кінапаказы.

Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску праводзіцца з 1987 года. IFMC ад «моладзевага эстраднага танца» эвалюцыянаваў да статусу культурнай падзеі Беларусі. У Віцебску штогод выступаюць і ўдзельнічаюць у конкурсе аматарскія і прафесійныя калектывы сучаснай харэаграфіі Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Францыі, Германіі, Галандыі, Японіі, Кітая, Ізраіля.

 

Рэалізацыя дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў Віцебскай вобласці ажыццяўляецца праз электронныя і друкаваныя сродкі масавай інфармацыі. Друкаваныя СМІ прадстаўлены дзяржаўнымі і недзяржаўнымі выданнямі. У вобласці выдаюцца 25 дзяржаўных газет. У горадзе адкрыты карэспандэнцкія пункты рэспубліканскіх газет «Звязда», «СБ. Беларусь сегодня», «Рэспубліка», «Беларуская ніва», «Народная газета», інфармацыйных агенцтваў БелТА, АТН, рэспубліканскага радыё, АНТ, агенцтва «Інтэрфакс» і шэрагу іншых рэспубліканскіх СМІ.

Дзяржаўнае радыёвяшчанне прадстаўлена абласным радыё, 21 праграмай раённага і гарадскога радыёвяшчання. Высокая доля грамадскіх радыёпраграм тлумачыцца тым, што большая іх частка – гэта рэгіянальнае радыё, у якасці заснавальнікаў выступаюць мясцовыя органы ўлады.

На тэрыторыі вобласці дзейнічаюць 5 недзяржаўных FM-станцый, выходзяць 3 недзяржаўныя тэлепраграмы («Арт Відэа» – г. Віцебск, «Скіф» – рэгіянальныя студыі ў Віцебску, Оршы, Полацку, «Квант» - г. Полацк) і 14 аператараў кабельнага тэлебачання. Выходзяць у эфір 4 дзяржаўныя тэлепраграмы: «Віцебскае тэлебачанне, «У эфіры Лепельская тэлепраграма»), «Вектор ТВ», «Поставы-ТВ».

Рэгіянальныя СМІ Віцебскай вобласці актыўна рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Віцебскай вобласці. Напярэдадні юбілейнай даты на старонках выданняў і ў эфіры тэле- і радыёканалаў выйдзе серыя творчых праектаў пра выбітных людзей, якія ўславілі паўночны рэгіён у краіне і свеце.

 

Да 80-годдзя заснавання Віцебскй вобласці распрацаваны  План мерапрыемстваў бібліятэк вобласці да 80-годдзя заснавання Віцебскй вобласці.

 

Віцебская абласная бібліятэка распрацавала цыкл мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80 годдзя Віцебскай вобласці:

arrow літаратурна-музычная вечарына «Альманаху "Дзвіна: Віцебшчына літаратурная" – 60!»;

arrow краязнаўчая гадзіна «Віцебск і Віцебская вобласць»;

arrow гадзіна краязнаўства «Витебск в годы войны»;

arrow краязнаўчае падарожжа «Память в камне и бронзе»;

arrow прэзентацыя базы даных «Человек года Витебщины»;

arrow прэзентацыя серыі выданняў Аркадзя Падліпскага «Биография витебского дома»;

arrow літаратурна-музычная вечарына «Вялікай Перамозе прысвячаецца...»;

arrow прэзентацыя зборніка матэрыялаў III навукова-практычнай канферэнцыі «Віцебскі край»

arrow літаратурнае свята «Табе, мой краю родны: пісьменнікі-лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі – Віцебшчыне»;

arrow міжнародная навукова–практычная канферэнцыя «Віцебскі край», прысвечаная 80-годдзю з часу ўтварэння Віцебскай вобласці.

 

Супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі на працягу года будзе падрыхтаваны цыкл выстаў пад назвай «Віцебскай вобласці – 80 год»:

arrow «Віцебская вобласць: вехі гісторыі»;

arrow «Віцебская вобласць: эканамічнае развіццё рэгіёна»;

arrow «Віцебская вобласць: прыродныя рэсурсы і ахова навакольнага асяроддзя»;

arrow «Віцебская вобласць: турыстычнымі маршрутамі»;

arrow «Віцебская вобласць: культура рэгіёна»;

arrow «Помнікі гісторыі і культуры Віцебшчыны».

 

Выкарыстаныя матэрыялы сайтаў:

arrow https://ru.wikipedia.org/wiki/Витебская_область

arrow https://ru.wikipedia.org/wiki/Витебская_губерния

arrow https://ru.wikisource.org/wiki/Законы_СССР

arrow http://evitebsk.com

arrow http://old.beleuroregion.by

arrow https://braslavpark.by

arrow http://fest-sbv.by/

arrow https://vivabraslav.by/

arrow http://chagal-vitebsk.com

arrow http://pridvinie.vlib.by/


  • Icon 01
  • Icon 01
  • Icon 01
  • Icon 01