80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
- Details
- Created on Thursday, 28 December 2023 08:30
Знакавай і важнай для ўсёй Беларусі падзеяй з'яўляецца святкаванне 80-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці жыхар нашай краіны, некаторыя раёны Беларусі страцілі кожнага другога. Гэты боль назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах, як напамін пра жорсткія злачынствы, якім няма апраўдання. Шлях да вызвалення быў доўгім, цяжкім, але поўным надзей, гераізму, самаахвярнасці і любові да сваёй Айчыны. Звыш 1500 савецкім воінам за вызваленне Беларусі было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза, 402 тысячы чалавек узнагароджаны ордэнамі і медалямі.
23 верасня 1943 года быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі – раённы цэнтр Камарын Палескай (Гомельскай) вобласці. З гэтага дня пачаўся доўгі і цяжкі шлях выгнання варожых акупантаў з гераічнай і непакорнай беларускай зямлі. Гарадскі пасёлак Лёзна ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаў першым райцэнтрам на Віцебшчыне, які Чырвоная армія вызваліла ад ворага. Прарваць умацаваныя пазіцыі нямецкіх акупантаў атрымалася 8 кастрычніка 1943 года, жорсткія баі за гэтую зямлю працягваліся да 10 кастрычніка.
Восенню і зімой 1943–1944 гг. войскі Чырвонай арміі поўнасцю ці часткова вызвалілі 36 раёнаў Беларусі, 36 раённых і два абласныя цэнтры: Гомель і Мазыр. Наступленне савецкіх войскаў на беларускай зямлі праходзіла ва ўмовах усеагульнай падтрымкі і дапамогі з боку партызан і мірнага насельніцтва рэспублікі.
Беларуская наступальная аперацыя па сваіх маштабах, колькасці сіл, што ўдзельнічалі ў ёй, з'яўляецца адной з самых буйных не толькі ў Вялікай Айчыннай, але і ў Другой сусветнай вайне. Гэта аперацыя атрымала кодавую назву «Баграціён». На першым яе этапе – з 23 па 4 ліпеня 1944 г. – былі паспяхова праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская і Полацкая аперацыі, была акружана мінская групоўка ворага. На другім этапе – з 5 ліпеня па 29 жніўня 1944 г. – Шаўляйская, Вільнюская, Каўнаская, Беластоцкая і Люблінска-Брэсцкая аперацыі.
У ходзе паспяховага завяршэння аперацыі «Баграціён» савецкія войскі знішчылі і ўзялі ў палон звыш 500 тыс. гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Фактычна спыніла існаванне адна з самых моцных груповак вермахта – група армій «Цэнтр».
Вялікія страты ў баях за вызваленне Беларусі панеслі і савецкія войскі. З 23 чэрвеня і да канца ліпеня 1944 г. чатыры франты страцілі звыш 440 тыс. чалавек, у тым ліку 97 232 забітымі. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала магчымым дзякуючы мужнасці, стойкасці, самаахвярнасці ўсяго савецкага народа ў тыле і на фронце, байцоў, камандзіраў Чырвонай арміі, партызан і падпольшчыкаў Беларусі.
2024 год – юбілейная дата аперацыі «Баграціён», падчас правядзення якой у чэрвені–ліпені 1944 года савецкія войскі цалкам вызвалілі тэрыторыю Беларусі.
У мэтах каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 кастрычніка 2023 года падпісаў Указ № 316 «Аб падрыхтоўцы і правядзенні святочных мерапрыемстваў». Таксама Указ будзе садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню насельніцтва і захаванню гістарычнай памяці аб укладзе беларускага народа ў перамогу над фашызмам.
Генеральнай пракуратурай сумесна з Агенцтвам тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі рэалізаваны праект «Генацыд. Справа №». Гэта цыкл з 8 відэаролікаў, заснаваных на паказаннях сведкаў і відавочцаў злачынстваў фашыстаў і іх саўдзельнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў рамках праекта «Адкрыты кінаархіў» Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў стварыў праект сацыяльнай рэкламы. Кадры ўнікальнай архіўнай хронікі закліканы прадэманстраваць гістарычныя падзеі і людзей, якімі па праве ганарацца нашчадкі.
Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Віцебскай абласной бібліятэцы на працягу года адбудзецца шэраг мерапрыемстваў:
– урок-роздум «Вайна для мяне – гэта...» (май);
– інтэлектуальная гульня «Доўгі шлях да Перамогі» да 80-годдзя вызвалення Беларусі – ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (май);
– гістарычнае дасье «Віцебск падчас вайны» да Дня Перамогі (май);
– урок мужнасці «Грозно грянула война...» да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў;
– круглы стол па патрыятычным выхаванні: супрацоўніцтва бібліятэк Віцебска і Смаленска;
– канцэртная праграма «Памяць у нашых сэрцах» сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна г. Віцебска да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў;
– літаратурна-музычны вечар «И, значит, нам нужна одна Победа...»;
– тэматычны вечар «Тры штыкі вартуюць цішыню...»: да 1050-годдзя г. Віцебска і 80-годдзя вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (чэрвень);
– прэзентацыя хроніка-дакументальнага фільма «Аперацыя "Баграціён"»;
– Міжнародны круглы стол «80-летию Великой Победы посвящается»;
– круглы стол да Дня народнага адзінства і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (верасень);
– XIII міжрэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя «Смаляне на службе Айчыне»;
– прэзентацыя мультымедыйнага рэсурсу «Военные дороги библиотекарей Витебщины»;
– тэматычны вечар «Беларусь адзіная»;
– X навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край», прысвечаная 1050-годдзю заснавання Віцебска і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (21–22 лістапада);
– гульня-квэст «Горад – тайна, горад – герой» да юбілею горада Віцебска і 80-годдзя яго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (на працягу года);
– «Вялікая Айчынная вайна. 1943 год. Пераломны перыяд» (на працягу года);
– выстава-прагляд «Беларусь памятае. Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944» (на працягу года).
Сумесна з Віцебскім абласным саветам Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пройдзе выстава дзіцячай творчасці «Нам мир завещано беречь».
Гісторыка-патрыятычны праект «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944»
Мультымедыйны рэсурс «Военные дороги библиотекарей Витебщины»