eye

База даных «Человек года Витебщины»

type your text for first image here

База даных «Человек года Витебщины»

База даных «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»

База даных «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»

База даных «Художники Витебщины»

type your text for 4th image here

База даных «Художники Витебщины»

База даных «Афганистан. Без права на забвение»

type your text for 5th image here

База даных «Афганистан. Без права на забвение»

База даных «Каталог подписных изданий»

type your text for 7th image here

База даных «Каталог подписных изданий»
  • anons-azbuka-3
  • anons-polpred-1
  • e-marefa
75-let-pobedy-2020
banner-Korotkevich-2020

Трывожны спеў жыцця

banner-Korotkevich-big

 

 Трывожны спеў жыцця


Паэтычная спадчына Уладзіміра Караткевіча

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двуногіх.

 

Талент Уладзіміра Караткевіча быў шматгранна раскрыты не толькі ў прозе, але і ў паэзіі. Яго першымі друкаванымі творамі былі менавіта вершы. У якасці паэтычнай спадчыны Уладзіміра Караткевіча нашчадкам засталіся толькі чатыры паэтычныя зборнікі: «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Гэтыя чатыры зборнікі – сапраўдны літаратурны скарб, адметны набытак усёй беларускай літаратуры.

У сваіх першых паэтычных творах Уладзімір Караткевіч выкарыстоўваў міфалагічныя вобразы (вершы «Машэка», «Казка пра сноп», «За рэчанькай за быстраю»), звяртаўся да патрыятычнай тэматыкі (паэма «Зямля дзядоў», вершы «Вагеньчык у яблынным садзе», «Орша»), пісаў пейзажныя («Ноч», «Вясновая непагода», «П'юць галубы блакіт із каляіны»), інтымныя вершы («I зашумяць асіны над ракою»).

У сярэдзіне 50-х гадоў, калі быў напісаны і апублікаваны верш «Машэка», Уладзімір Сямёнавіч ужо не лічыўся «навічком» у літаратуры. У лісце да Максіма Танка за 12 лістапада 1955 года ён пісаў наступнае: «Пішу я даволі даўно. Пачаў яшчэ ў 15 год, але гэта было так проста і з часам заглухла. Потым ва ўніверсітэце пісаў. Пісаў многа, бо дадому цягнула... Гэта, ведаеце, упэўненасць. Цяпер я ўжо не кіну. Так хочацца працаваць, і адчуваю я сябе нейкім новым, іншым. Столькі задумаў і ідэй. Вершы цякуць. Быццам усё, аб чым думаў тры гады, раптам прарвалася. I не толькі вершы, хоць гэта галоўнае».

Ужо ў 1957 годзе паэтычныя творы пісьменніка пачалі з'яўляцца на старонках такіх часопісаў і газет, як «Маладосць», «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». Іх заўважыла літаратурная грамадскасць і крытыка. Першыя надрукаваныя вершы сталі прадметам шматлікіх абмеркаванняў і спрэчак.

Як значная падзея ў тагачасным літаратурным жыцці быў адзначаны выхад першага паэтычнага зборніка «Матчына душа» (1958). У крытычных артыкулах і матэрыялах адзначаўся талент паэта, яго самабытнасць і арыгінальнасць, ацэньваліся асаблівасці яго стылю і майстэрства. Але адначасова былі і негатыўныя адзнакі: яго дакаралі за кніжнасць, складанасць вершаў, захапленне гістарычнай тэматыкай і недастатковую ўвагу да сучаснасці.

Як паэт Уладзімір Караткевіч не толькі разважаў над шляхамі развіцця беларускай паэзіі, але і прапанаваў сваю творчую праграму, якая грунтавалася на асабістых, нацыянальных, культурных і гістарычных традыцыях. Ён пісаў: «I ці можам мы адмовіцца ад рытму і рыфмы, ад лепшай, ад найбольш моцнай нашай зброі? Вядома, не. У нас застаецца традыцыя беларускай народнай песні, традыцыя вершаў, якія выраслі на гэтай багатай глебе, вершаў Купалы і Багдановіча, Багушэвіча і Коласа... Наш шлях ва ўдасканаленні рытмаў нашай паэзіі. Гэтую справу распачаў яшчэ Багдановіч, а мы павінны прыстасаваць усе рытмы, на якія толькі здатнае музычнае вуха, да нашай гожай, гнуткай мовы».

Паэзія Уладзіміра Сямёнавіча вельмі багатая і разнастайная. Яна адначасова можа быць і пранікнёна лірычнай, і жыццярадаснай, і драматычнай, або, напрыклад, як у вершы «Заяц варыць піва», – прасякнутай дабрадушным гумарам і іранічнай усмешкай.

Яго паэзія ад самага свайго пачатку была прасякнута любоўю да Радзімы. Для яе апісання ён выкарыстоўваў такія вызначэнні, як «мой чароўны беларускі край, Бацькаўшчына светлая мая!» (верш «Бацькаўшчына»), такія сцвярджэнні, як «усе шляхі прыводзяць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз» (верш «У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы»). Паэт выказваў сваю бязмерную і адданую любоў да роднага горада Оршы (верш «Орша»), бо там «нарадзіліся думкі, воля, імкненні, жаданні». Шмат цёплых і сардэчных слоў было таксама напісана пра Рагачоў, дзе з сям'ёй жыў дзядзька Ігар Васільевіч Грынкевіч. Туды ён часта прыязджаў, там былі напісаны некаторыя яго творы. Паэт верыў у непарыўную повязь уласнага лёсу з лёсам сваёй Радзімы.

Уладзімір Караткевіч лічыў, што вышэйшае прызначэнне і абавязак чалавека – гэта служэнне сваёй зямлі. Так, напрыклад, у вершы «Матчына душа», удала выкарыстоўваючы казачныя і міфалагічныя вобразы, ён падкрэсліваў, што павінен, абапіраючыся на казкі, легенды і паданні, перадаць «барацьбу і пакуты народа, неўміручую душу яго».

Вартасць чалавека як асобы і творцы паэт вымяраў яго стаўленнем да сваёй Радзімы. Напрыклад, у вершы «Калумбы зямлі незнаёмай» (1957), рашуча выступаючы супраць паэта, які ўсхваляў зусім далёкія, экзатычныя мясціны, дзяржаўных чыноўнікаў, інтэлігентаў і мяшчан, якія адракліся ад роднай мовы і культуры, сцвярджаў, што будзе пісаць пра Беларусь, пра яе прыгажосць і што адкрые яе для беларусаў, як Калумб адкрыў для ўсяго свету Амерыку.

Патрыятычную тэматыку паэт выкарыстоўваў часцей за ўсё ў творах гістарычнай накіраванасці. У сваіх вершах Уладзімір Караткевіч паказаў, што ў кожнага народа ёсць свая багатая гісторыя. Вытокі народнага і нацыянальнага ён бачыў у гістарычным. Па-новаму расказаў аб гераічных і трагічных старонках гісторыі свайго краю.

У пісьменніка было сваё асабістае, адметнае мастацкае бачанне. Ён ствараў творы баладнага плана, інтымнага і патрыятычнага характару, жартоўныя вершы. У іх ён даваў канкрэтнае і дакладнае апісанне навакольнага свету і выкарыстоўваў казачныя, умоўна-фантастычныя вобразы, раскрываў самыя тонкія адценні душэўнага стану, абапіраўся на свой літаратурны вопыт. Ягоныя творы вызначаюцца паэтычнай культурай, глыбінёй зместу, тэматычным багаццем і жанрава-стылёвай разнастайнасцю.

Яшчэ на пачатку творчага шляху Уладзіміра Караткевіча выразна выявіўся і гуманізм ягонай лірыкі. Значна акцэнтуецца ўвага на гэтай праблеме паэтам у зборніку «Вячэрнія ветразі» (1960).

Звяртаючыся да драматычных падзей у гісторыі народнага лёсу, паэт хацеў вызначыць універсальныя, усеагульныя праблемы быцця, зразумець сутнасць дабра і зла, смерці і бессмяротнасці, прызначэння чалавека на зямлі.

Гістарычны аспект у творчасці Караткевіча з'яўляецца надзвычай істотным. Ён адлюстроўвае мастацкую пазіцыю аўтара, служыць важным фактарам на шляху ўвасаблення аўтарскай задумы, асабліва ў вырашэнні патрыятычных праблем.

Характэрную асаблівасць паэзіі Уладзіміра Сямёнавіча вызначае яе сувязь з кніжнай, літаратурнай традыцыяй. Як у ранніх, так і ў пазнейшых вершах сустракаюцца матывы, вобразы і нават ідэі прадстаўнікоў літаратуры і культуры самых розных часоў і народаў.

Паэзія Караткевіча не толькі шчырая, натуральная, але адначасова і глыбокая, і філасофская. У ёй паэт звяртаецца да сусветна вядомых твораў жывапісу, архітэктуры, дойлідства, да біблейскіх і антычных сюжэтаў, вобразаў, матываў, цікава трактуе шматлікія творы мастацтва.

Пісьменнік выказваў асаблівую прыхільнасць да жанру балады яшчэ на пачатку свайго творчага шляху, і ў далейшым застаўся верным яму. Прадметам увагі паэта ў баладах сталі падзеі далёкай мінуўшчыны, духоўная прыгажосць чалавека, складанасць і веліч яго натуры. Балады Караткевіча прыкметна пашырылі далягляды сучаснай беларускай паэзіі, засведчылі значныя творчыя магчымасці яго як паэта. Менавіта праз баладу і пралягаў ягоны шлях ад лірыкі да прозы, якую элементы паэзіі толькі ўпрыгожваюць, надаюць новыя сэнсавыя пласты.

Дыяпазон творчых інтарэсаў Уладзіміра Караткевіча надзвычай шырокі, што выразна пацвердзілася ў зборніку «Мая Іліяда» (1969). У ім, як і ў папярэдніх паэтычных кнігах, не знізілася творчая актыўнасць паэта, не знікла шматграннасць ягонай натуры.

Аўтар хацеў зразумець месца свайго народа сярод іншых народаў, выявіць яго ўласную пазіцыю ў гэтым складаным і супярэчлівым свеце. Галоўныя героі – гэта змагары за свабоду, пакутнікі за народнае шчасце, незвычайныя асобы. Яны мужныя, свабодалюбівыя, непрымірымыя да зла, прыгнёту і дэспатызму. Звяртаючыся ў сваіх вершах да асобаў беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў мінулага, паэт імкнуўся вырашыць праблему асабістага і грамадскага шчасця.

Паэзія Караткевіча вызначаецца павышанай выразнасцю, эмацыянальнасцю, напружанасцю дзеяння, кантрастнасцю і яркасцю вобразаў. Сапраўдным феерверкам фарбаў і колераў свецяцца вобразы і ў «Чорнай баладзе Гаркушы»: «сонца – ружовы цвет», «чароды ліловых хмар», «залатыя злівы», «пярэсты чмель», «цёмныя кучары вішань сяла», «малінавыя бадзякі».

У кнізе «Мая Іліяда» асобны раздзел пад назвай «Таўрыда» складаюць вершы, напісаныя ў выніку наведвання паэтам Крыма. Паўднёвая культура, разнастайная прырода і гісторыя Усходу выклікаюць у паэта самыя розныя думкі і пачуцці.

Тэма кахання – адна з асноўных тэм у творчасці пісьменніка. Лірычны герой у ранніх вершах паэта перапоўнены светлым і трывожным пачуццём. Ён эмацыянальна ўзрушаны, маральны максімаліст, натура інтэлектуальная і духоўна багатая. Калі ў зборніку «Вячэрнія ветразі» паэт пісаў пра цяжкае каханне да жанчыны з далёкай старонкі, то ў зборніку «Мая Іліяда» гэты вобраз набывае большую псіхалагічна-эмацыянальную і мастацкую напоўненасць. Пры раскрыцці інтымных пачуццяў і перажыванняў паэт звяртаецца да народнага маральна-этычнага і духоўнага вопыту і дае сваё разуменне многіх падзей і фактаў.

Заключным акордам, моцным і выразным, прагучаў апошні верш Уладзіміра Караткевіча, напісаны 19 чэрвеня 1984 года:

 

Час стагоддзі, як касой, сцінае,

Веры, царствы, догмы йдуць да ценяў...

Ўсё мінае – Гонар не мінае,

Бо народжаны адным сумленнем.

 

Калі сонца выб'ецца з туману,

Толькі іх і ўспомніць хор народаў,

Воінаў сваіх, святых і зраненых,

Рыцараў сумлення і свабоды.

 

Гэтыя словы добра ахарактарызавалі і падкрэслілі сутнасць творчасці і асобы Уладзіміра Караткевіча, які як ў жыцці, так і ў літаратуры быў «рыцарам сумлення і свабоды».

Паэтычным запаветам наступным пакаленням стаў апошні зборнік «Быў. Ёсць. Буду», які быў выдадзены пасля смерці Уладзіміра Сямёнавіча. Ён увабраў у сябе паэтычныя творы 70-х – першай паловы 80-х гадоў, а таксама некаторыя вершы 60-х гадоў, і два вершы «як Старажы ў небе заззялі» і «Было юнацтва», напісаныя ў канцы 50-х гадоў.

Паэзія Уладзіміра Караткевіча – найярчэйшая ўспышка ў беларускай літаратуры XX стагоддзя, яна прасякнута глыбокім патрыятычным і гуманістычным зместам. Найважнейшым прызначэннем чалавека ў жыцці ён лічыў служэнне сваёй Радзіме і свайму народу. Паглыблена вывучыўшы гісторыю, фальклор і сусветную культуру, ён асабліва па-мастацку адлюстроўваў падзеі свайго часу, закранаў важныя праблемы сучаснасці. Паэт часта звяртаўся да цікавых і арыгінальных вобразаў, выкарыстоўваў свабодны верш, нечаканыя гіпербалы, сімвалы, параўнанні.

Рамантычна-ўзнёслая, страсная і адначасова інтэлектуальна-філасофская, разважлівая паэзія Уладзіміра Караткевіча прыкметна ўзбагаціла беларускую літаратуру.

 


01

Караткевіч, У. С. Матчына душа : вершы / У. С. Караткевіч. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. – 68, [1] с.


Матчына душа – першы зборнік паэзіі Уладзіміра Караткевіча. У зборнік увайшлі раннія вершы аўтара, як гумарыстычнага, так і сацыяльна-грамадзянскага характару.


02

Караткевіч, У. С. Вячэрнія ветразі : вершы і паэмы / У. С. Караткевіч. – Минск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1960. – 112, [3] с.


Вячэрнія ветразі – другі зборнік паэзіі Уладзіміра Караткевіча. У ім багатая і разнастайная паэзія прасякнута любоўю да роднай зямлі і народа.


03

Караткевіч, У. С. Мая Іліяда : вершы / У. С. Караткевіч. – Минск : Беларусь, 1969. – 190, [2] с.


З глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет свайго лірычнага героя піша паэт пра родны беларускі край, пра любоў да ўсяго прыгожага і светлага на зямлі.


04

Караткевіч, У. С. Быў. Есць. Буду : кніга паэзіі / У. С. Караткевіч. – Минск : Мастацкая літаратура, 1997. – 157 с.


Гэта кніга паэзіі Уладзіміра Караткевіча, якую ён сам падрыхтаваў да друку, але пабачыць ужо не паспеў...


05

Караткевіч, У. С. Збор твораў : у 25 т. / У. Караткевіч ; [прадм., падрыхт. тэксту і камент. А. Вераб'я] ; рэдкал.: А. Бельскі [і інш.] ; рэд. тома В. Рагойша. – Т. 1 : Паэзія, 1950–1960. – 2012. – 532 с.


У 1 том Збору твораў Уладзіміра Караткевіча ўвайшлі паэтычныя творы са зборнікаў «Матчына душа» (1958) і «Вячэрнія ветразі» (1960). Асобны раздзел складаюць творы 1950-х гг. і 1960-х гг., якія не ўвайшлі ў зборнікі паэзіі.


06

Караткевіч, У. С. Збор твораў : у 25 т. / У. Караткевіч ; [прадм., падрыхт. тэксту і камент. А. Вераб'я] ; рэдкал.: А. Бельскі [і інш.] ; рэд. тома В. Рагойша. – Т. 2 : Паэзія, 1961–1984. – 2012. – 396 с.


У 2 том Збору твораў Уладзіміра Караткевіча ўвайшлі паэтычныя творы са зборнікаў «Мая Іліяда» (1969) і «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Асобны раздзел складаюць творы 1961–1984 гг., якія не ўвайшлі ў зборнік паэзіі.


07

Караткевіч, У. С. Аповесці. Вершы / У. С. Караткевіч. – Мінск : Мінская фабрыка каляровага друку, 2000. – 368 с.


Аповесці Уладзіміра Караткевіча – гэта старонкі гісторыі беларускага народа, старонкі дзеянняў нашых продкаў, іх веры ў святую свабоду. Акрамя іх, у кнігу ўвайшлі таксама вершы пісьменніка, напісаныя ім на працягу розных гадоў.


08

 

Караткевіч, У. С. Выбраныя творы / У. С. Караткевіч. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 2005. – 672 с. – (Беларускi кнiгазбор).


Аднатомнік класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча склалі паэтычныя творы, апавяданні, аповесці, нарысы, эсэ і лісты да вядомых пісьменнікаў, сяброў.


09

О радзіма, мой светач цудоўны... : літаратурна-мастацкі зборнік / аддзел культуры Аршанскага гарвыканкама. – Мінск : Беларускі кнiгазбор, 2005. – 88 с.


Зборнік, прысвечаны да 75-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, склалі вершы паэта, а таксама малюнкі мастака-графіка У. Лукшы.


10

Русецкі, А. У. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць / А. У. Русецкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. – 300 с.


Дадзенае выданне з'яўляецца адным з першых літаратурна-крытычных даследаванняў творчасці Уладзіміра Караткевіча.


11

Верабей, А. Л. Жывая повязь часоў : нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча / А. Л. Верабей. – Мінск : Навука і тэхніка, 1985. – 119 с.


У кнізе даследуецца творчасць вядомага беларускага пісьменніка У. Караткевіча: разглядаецца паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка. Прасочваецца творчая эвалюцыя пісьменніка, характарызуецца праблематыка і жанрава-стылёвая своеасаблівасць яго твораў, раскрываецца непаўторнасць яго мастацкага свету.

 


12

Штэйнер, І. Ф. «Свет шчодры. Свет мяне паўторыць...» : паэзія У. Караткевіча і класічныя традыцыі / І. Ф. Штэйнер. – Мінск : Кнiгазбор, 2008. – 120 с.


У манаграфіі аналізуецца паэтычная спадчына выдатнага пісьменніка канца XX стагоддзя Уладзіміра Караткевіча ў кантэксце славянскіх і еўрапейскіх традыцый, паказана сувязь лірыкі паэта з класічным жывапісам і прозай, вылучаны асноўныя адметнасці паэтыкі.



ЛІТАРАТУРА

1. Барысенка, В. У. Метафара ў паэтычным дыскурсе Уладзіміра Караткевіча / В. У. Барысенка // Роднае слова. – 2015. – № 11. – С. 27–29.

2. Будовіч, Я. Кветка. Любоў. Паэзія...: Уладзімір Караткевіч: маланкава і назаўжды / Я. Будовіч // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 27 ліп. – С. 10.

3. Верабей, А. Л. Абуджаная памяць: нарыс жыцця i творчасцi Уладзiмiра Караткевiча / А. Л. Верабей. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1997. – 256 с.

4. Верабей, А. Л. Уладзімір Караткевіч: жыццё i творчасць / А. Л. Верабей. – Мінск : Беларуская навука, 2005. – 271 с.

5. Ганчарова-Цынкевіч, Т. У. Духоўны свет чалавека і каардынаты часу: паэзія Уладзіміра Караткевіча / Т. У. Ганчарова-Цынкевіч // Роднае слова. – 2010. – № 11. – С. 13–14.

6. Деревяго, А. Н. Ономастика поэзии В. Короткевича / А. Н. Деревяго // Наука и творчество молодежи – XXI веку. Итоги НИР – 2000 : тезисы докладов V (50) научной конференции студентов, магистрантов и аспирантов / Министерство образования Республики Беларусь. – Витебск : Витебский государственный университет им. П. М. Машерова, 2001. – С. 43.

7. «І няхай давеку жыве». Паэтычная спадчына У. Караткевіча // Споведзь перад богам і людзьмі: беларуская паэзія на стыку тысячагоддзяў : манаграфія / І. Ф. Штэйнер. – Гомель : Сож, 2007. – С. 5–86.

8. Лахвіч, Н. М. Колерапіс у паэтычных творах Уладзіміра Караткевіча / Н. М. Лахвіч // Наука и творчество молодежи – XXI веку. Итоги НИР – 2000 : тезисы докладов V (50) научной конференции студентов, магистрантов и аспирантов / Министерство образования Республики Беларусь. – Витебск : Витебский государственный университет им. П. М. Машерова, 2001. – С. 48.

9. Паўлавец, Д. Д. Канцэпт лёс у паэзіі Уладзіміра Караткевіча / Д. Д. Паўлавец, А. Д. Паўлавец // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. – 2018. – № 4. – С. 132–137.

10. Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду! : успаміны, інтэрв'ю, эсэ / уклад. Г. В. Шаблінскай. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. – 518 с. – (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).

11. Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы : зборнік эсэ, вершаў, прысвячэнняў / уклад.: А. Верабей, М. Мінзер, С. Панізнік. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 364 с.

12. Экзатычныя краявіды ў паэзіі Адама Міцкевіча і Уладзіміра Караткевіча // Галасы і вобразы : літаратурна-крытычныя артыкулы / А. І. Бельскі. – Мінск : Литература и искусство, 2008. – С. 17–22.