Дарогамі Быкава
- Details
- Створана 04.01.2024 08:30
Беларускія мясціны, звязаныя з Васілём Быкавым
Жыццё Васіля Быкава – яркі прыклад таго, як хлопца з простай беларускай вёсачкі вядомым зрабіў талент. Яго лёс – бясконцая барацьба з жыццёвымі парадоксамі. Барацьба мастака, франтавіка, грамадзяніна. Яна распачалася, бадай, яшчэ з галоднага дзяцінства, з першага дня жыцця – 19 чэрвеня 1924 года – у вёсцы Бычкі на Ушаччыне. У гады Васілёва маленства яго вёска была глухім кутком. Цяпер, вядома, многа перайначылася, але пэўныя сляды тых ужо даўніх часоў усё ж засталіся. «Бычкі ў купчастых ліпах, у перастарэлых ігрушынах. Яшчэ моцная хата, былая пачатковая школа, дзе канчаў Васіль першы клас» – так пісаў пра радзіму Васіля Быкава яго сябра Рыгор Барадулін.
Вось што ўспамінае Васіль Уладзіміравіч пра свае родныя мясціны ў кнізе «Доўгая дарога дадому»: «Наш падворак у вёсцы быў крайні, далей – поле і парослы алешнікам ды ляшчыньнікам роў. З тым ровам найперш зьвязанае маё маленства; у ім, асабліва ўлетку, было безьліч зманлівага і цікавага. Там зьліваліся дзве ручаіны, утвараючы вадзяныя запруды на камянях, сцежку заўсёды перакопвалі кратовыя норы, крыху далей, на схіле, зеўрала барсукова нара, а ўнізе, пад абрывам, бруіла з-пад камянёў крынічка. Усе даваенныя гады мы бралі з яе ваду, якую, аднак, ня дужа лёгка было цягаць па крутых сцежках, асабліва ўзімку. Але калодзежу на падворку мы ня мелі, а вада з крынічкі была дужа добрая – чыстая, заўсёды сьцюдзёная і смачная, як казала маці».
Дзяцінства Васіля Быкава было беднае, «...скупое на радасці і труднае, як і ўвесь той час. Часта жылося ў непаладках, нястачы...».
Першую жыццёвую праўду Васіль Уладзіміравіч спасцігаў ад сваіх бацькоў – працавітай і руплівай Ганны Рыгораўны і Уладзіміра Фёдаравіча.
У сямнаццацігадовым узросце пісьменнік пайшоў на фронт. Пасля вайны служыў у Балгарыі, потым – на Украіне. Калі ўдалося нарэшце дэмабілізавацца, прыехаў у разбомблены Мінск. Хацеў ажыццявіць мару стаць мастаком. Яму параілі ўладкавацца ў Гродна ці Брэсце, дзе былі моцныя мастакоўскія калектывы. Васіль Уладзіміравіч выбраў Гродна. У 1947 г. ён прыехаў у гэты ўтульны горад на Нёмане, які прыйшоўся творцу даспадобы. Спадабалася старая архітэктура, пакручастыя вулачкі.
У 1949 г. пісьменніка зноў прызвалі ў армію, дзе ён праслужыў яшчэ 6 гадоў. І, калі ў 1955 г. звольніўся ў запас, зноў апынуўся ў Гродне. На гэты раз затрымаўся тут на два з лішнім дзесяцігоддзі. Працаваў спачатку ў газеце «Гродзенская праўда», потым быў сакратаром абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
За час пражывання Васілём Быкавым ў горадзе на Нёмане была напісана даволі вялікая колькасць ваенных аповесцей: «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», «Праклятая вышыня», «Сотнікаў», «Абеліск», «Дажыць да світання», «Воўчая зграя», «Яго батальён».
У 1977 г. Васіль Уладзіміравіч пераехаў у Мінск. Там былі створаны аповесці «Знак бяды», «Аблава», «У тумане» і многія іншыя творы.
У 1990-я гады пісьменнік быў катэгарычна супраць аўтарытарнага кіравання. У знак пратэсту выехаў з краіны і пяць гадоў пражыў у Фінляндыі, Германіі, Чэхіі. Але ў 2003-м годзе, смяротна хворы, не стаў чапляцца за еўрапейскую медыцыну і вярнуўся на Радзіму. «Васіль, ты надоўга?» – спытаў у яго Генадзь Бураўкін. «Назаўсёды» – адказаў Васіль Быкаў.
Сёння ўшанаваць памяць пра народнага пісьменніка Беларусі можна, наведаўшы сядзібу-музей на яго радзіме ў в. Бычкі Ушацкага раёна і музей-дачу ў Ждановічах-6 пад Мінскам.
Сядзіба-музей была заснавана ў 2004 г. Размешчана яна ў адноўленым будынку сям'і пісьменніка. На тэрыторыі сядзібы – хата, у якой прайшло дзяцінства Васіля Уладзіміравіча, хлеў, гумно. Захавана ўнутранае ўбранства даваеннага сялянскага побыту. Агульная плошча дома складае ўсяго 45,1 м2 (жылы пакой, кухня і сені). Вакол яго – дрэвы, пасаджаныя бацькам Васіля Быкава.
У музеі змешчаны дакументы, фотадакументы, аўтабіяграфічныя матэрыялы, літаратурныя выданні. Захоўваюцца таксама кнігі з аўтографамі паэтаў і пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Украіны і інш. Сярод экспанатаў – копіі малюнкаў і асабістыя рэчы Васіля Уладзіміравіча.
Экспазіцыя сядзібы-музея штогод папаўняецца новымі экспанатамі.
Калі Васіль Быкаў жыў у Мінску, ён любіў бываць на дачы ў Ждановічах-6. Зараз там створаны мемарыяльны музей. Ён быў адчынены 19 чэрвеня 2014 года да 90-годдзя пісьменніка. Музей-дача дае ўяўленне пра дачны побыт творцы ў 1985–1998 гг., пра тое, якім Васіль Уладзіміравіч быў у штодзённым жыцці. Тут захавалася мэбля і прадметы побыту, якімі ён карыстаўся. Таксама ў музеі можна ўбачыць карціны, створаныя ўласнаручна пісьменнікам, малюнкі, чарнавікі, ліст А. Твардоўскага да Быкава, кнігі з аўтографамі і карціны, сувеніры, падораныя сябрамі. Супрацоўнікі музея імкнуліся пакінуць усё так, як было пры жыцці Васіля Быкава.
У Мінскай вобласці, у райцэнтры Старыя Дарогі, на тэрыторыі прыватнага Музея выяўленчага мастацтва, 19 чэрвеня 2003 года з нагоды дня нараджэння Васіля Уладзіміравіча быў адкрыты памятны знак. Пры жыцці помнік ставяць толькі лепшым з лепшых... Гранітны камень з бронзавым барэльефам выдатнага пісьменніка стаіць зараз у музеі побач з іншымі памятнымі знакамі ў гонар знакамітых беларусаў.
Бугаёў, Д. Я. Васіль Быкаў : нарыс жыцця і творчасці / Д. Я. Бугаёў. – Мінск : Народная асвета, 1987. – 207 с.
У кнізе аўтар асвятляе жыццёвы і творчы шлях пісьменніка Васіля Быкава, паказваецца яго пісьменніцкая адметнасць, яго роля ў адлюстраванні народнага подзвігу ў барацьбе з фашызмам. |
|
Шапран, С. Васіль Быкаў : гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах : у 2 ч. / С. Шапран. – Мінск ; Гародня, 2009. – Ч. 1. – 734 с.
Дадзенае выданне – першая спроба стварэння своеасаблівай энцыклапедыі Васіля Быкава ці дакументальнага біяграфічнага летапісання народнага пісьменніка Беларусі. |
|
Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Ф. Мяснікоў. – Мінск : Литература и Искусство, 2008. – 344 с. : іл.
Выданне змяшчае біяграфічныя партрэты вялікіх і знакамітых асоб Беларусі: уладароў, асветнікаў, гісторыкаў, дойлідаў, пісьменнікаў, мастакоў і інш. |
|
Наш Быкаў : кніга ўспамінаў / уклад. Г. Бураўкін. – Мінск : Кніга, 2004. – 496 с.
У кнізе змешчаны ўспаміны беларускіх пісьменнікаў пра знаёмства з Васілём Быкавым. |
|
Быкаў, В. Праўдай адзінай : літаратурная крытыка, публіцыстыка, інтэрв'ю / В. Быкаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. – 262 с.
Кнігу складаюць літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы і выступленні, інтэрв'ю, эсэ народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. |
|
Быкаў, В. У. Доўгая дарога дадому : кніга ўспамінаў / В. У. Быкаў. – Минск : Кніга, 2002. – 544 с.
У кнізе змешчаны ўспаміны народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў яго багатага падзеямі жыцця. У цікавай аўтарскай манеры вядомы пісьменнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадска-палітычным і культурным працэсам. |
|
ЛІТАРАТУРА
1. Адамовіч, Г. Васіль Быкаў – вялікае сэрца народа / Г. Адамовіч // Роднае слова. – 2013. – № 6. – С. 3–5.
2. Бугаёў, Д. Васіль Быкаў : нарыс жыцця і творчасці / Д. Бугаёў. – Мінск : Народная асвета, 1987. – 207 с.
3. Будовіч, Я. Дом, які пабудаваў Васіль Быкаў / Яна Будовіч // Літаратура і мастацтва. – 2021. – 30 крас. – С. 4.
4. Буран, В. Васіль Быкаў : нарыс творчасці / В. Буран. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. – 232 с.
5. Быкава Васіля сядзіба-музей // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 129.
6. Быкаў, В. Праўдай адзінай : літаратурная крытыка, публіцыстыка, інтэрв'ю / В. Быкаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. – 262 с.
7. Васіль Быкаў (1924–2003): талент мужны, непаўторны // Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. – Мінск : Литература и Искусство, 2008. – С. 305–308.
8. Драпко, А. Памяць пра класіка / Алена Драпко // Звязда. – 2020. – 11 верас. – С. 2.
Мемарыяльная дошка Васілю Быкаву ўстаноўлена ў Мінску.
9. Дубашынскі, Р. Ю. Быкаў Васіль Уладзіміравіч / Р. Ю. Дубашынскі // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 129–130.
10. Залоска, Ю. Дыялогі з Васілём Быкавым : інтэрв'ю, эсэ / Ю. Залоска. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. – 95 с.
11. Князева, І. Музей – разгорнутая кніга : музей-дача Васіля Быкава ў Ждановічах – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры / Ірына Князева // Роднае слова. – 2021. – № 6. – С. 7–9.
12. Наш Быкаў : кніга ўспамінаў / уклад. Г. Бураўкін. – Мінск : Кніга, 2004. – 496 с.
13. Рублеўская, Л. І. Са Ждановічаў праз Віцебск ва Ушачы... : падарожжа па быкаўскіх мясцінах / Людміла Рублеўская // Звязда. – 2023. – 15 чэрв. – С. 13.
14. Цялятка, А. Ад удзячных землякоў / А. Цялятка // Народная газета. – 2004. – 22 чэрв. – С. 3.
15. Шапран, С. Васіль Быкаў : гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах : у 2 ч. / С. Шапран. – Мінск : Гародня, 2009. – Ч. 1. – 734 с.
16. Шапран, С. У. Музейныя адрасы Васіля Быкава / Сяргей Шапран // Роднае слова. – 2021. – № 6. – С. 3–6 ; № 7. – С. 15–20.