
Выстава "Жывая гісторыя Беларусі"
- Details
- Створана 21.06.2010 07:55
З 19 чэрвеня аддзел беларускай літаратуры прапануе чарговую экспазіцыю пад назвай “Жывая гісторыя Беларусі” з цыкла “Пад чароўным ветразем стагоддзяў”, прысвечанага 80-годдзю класіка беларускай літаратуры У. Караткевіча, з мэтай пазнаёміць чытачоў і ўсіх зацікаўленых з матэрыяламі, якія адлюстроўваюць значнасць аповесці айчыннага празаіка ў кантэксце гісторыі беларускай і сусветнай літаратуры.
Уладзімір Караткевіч выказваў пастаянную і асаблівую прыхільнасць да гістарычнага і дэтэктыўнага жанраў, дзе ставіў і імкнуўся вырашыць агульначалавечыя праблемы жыцця і смерці, дабра і зла. Сваё выступленне на VII з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Сямёнавіч пачаў і скончыў заклікам да калег пісаць дэтэктывы і прыгодніцкія раманы, як гэта рабілі славацкія пісьменнікі, калі сярод чытачоў упала цікавасць да роднай літаратуры і ўзнікла пагроза страціць мову. Гістарычныя дэтэктывы У. Караткевіча карысталіся вялікай папулярнасцю. Нечаканы паварот сюжэту, незвычайныя гісторыі, дынамічнасць падзей, загадкавасць учынкаў герояў, псіхалагічныя “неспадзяванкі” – усё гэта даспадобы чытачу. Аповесці Караткевіча “прынеслі ў беларускую літаратуру тое, што англійскай далі творы В. Скота ці польскай – раманы Г. Сянкевіча – дух мінуўшчыны і яе патрыятычную ідэалізацыю”.
У той жа час Уладзімір Караткевіч надзвычай нацыянальны пісьменнік, што выразна адчуваецца ў адным з самых папулярных яго твораў, гістарычна-дэтэктыўнай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” (1950, 1958). У гэтым літаратурным шэдэўры пісьменнік асудзіў сацыяльны прыгнёт, тыранію, уціск і дэспатызм, увасабленнем якіх з’яўляецца дзікае паляванне, якое наганяе жах як на Надзею Яноўскую, уладальніцу маёнтка Балотныя Яліны, так і на сялян у акрузе. Адначасова ў аповесці узнімаюцца вечныя пытанні аб прызначэнні чалавека на зямлі, аб сутнасці ягонага жыцця і любові да радзімы, паказваецца вялікае, прыгожае і чыстае каханне...