Адкрыццё персанальнай выставы Таццяны Буевіч «GOUACHE: ПРЕОБРАЖЕНИЕ»
- Details
- Створана 11.09.2024 13:46
Адкрыццё персанальнай выставы Таццяны Буевіч «GOUACHE: ПРЕОБРАЖЕНИЕ» адбылося 10 верасня ў фае 3-га паверха абласной бібліятэкі.
Таццяна Уладзіміраўна нарадзілася ў Віцебску і працуе намеснікам дырэктара Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці. З дзяцінства марыла маляваць. Але сваю мару змагла здзейсніць толькі ў сталым узросце.
З верасня 2020 года, з самага дня заснавання школы малявання для дарослых «Мастак» – аднаго з творчых праектаў Віцебскай абласной бібліятэкі, Таццяна Уладзіміраўна з'яўляецца пастаянным яе ўдзельнікам.
Любімы матэрыял мастачкі – гуаш, у гэтай цікавай, складанай і даволі рэдкай тэхніцы выкананы яе работы, у якіх – непаўторнае зачараванне знаёмых прадметаў і мясцін, прыцягальная прыгажосць і зменлівая сутнасць самой прыроды. Тут і пейзажы, і нацюрморты, і ўсімі любімыя кветкі.
Сама назва выставы адлюстроўвае ўласцівае Таццяне Буевіч імкненне да перамен: яна любіць адкрываць для сябе новае, яе натхняе навакольны прадметны свет, свет чалавека. Але ў сваіх работах мастак не капіруе натуру, а творча змяняе ўбачанае, стварае свой паралельны, унікальны свет, дзе царуюць прыгажосць і гармонія.
Сваімі ўражаннямі аб экспазіцыі і аб творчасці Таццяны Буевіч падзяліліся дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Таццяна Адамян, кіраўнік школы малявання «Мастак» Аксана Гудзелева, кіраўнікі студыі творчасці для дарослых «HAPPY-ART» Ірына Лавішак і Наталля Аніськовіч.
Першая персанальная выстава карцін – значны момант у жыцці любога мастака, бо выстава адкрывае гледачу творчае бачанне мастака, яго стыль і асаблівасці работы. Аб сваіх першых кроках у навучанні, аб уплыве малявання на жыццё і аб работах, прадстаўленых у экспазіцыі, расказала Таццяна Уладзіміраўна.
Павіншаваць мастачку з адкрыццём выставы і пажадаць ёй новых творчых поспехаў прыйшлі сябры, калегі і аднадумцы.
Выстава будзе працаваць да 31 кастрычніка.