Прэзентацыя хроніка-дакументальнага фільма «Аперацыя "Баграціён"»
- Details
- Створана 19.07.2024 09:41
18 ліпеня ў бібліятэцы ў рамках праекта «Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі» прайшла прэзентацыя хроніка-дакументальнага фільма «Аперацыя "Баграціён"», падрыхтаванага Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў (БДАКФФД).
Намеснік дырэктара Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Буевіч падкрэсліла, што фільм прадстаўлены ў фармаце кіначасопіса і з'яўляецца ўнікальным кінадакументам, знятым у 1944 годзе.
Таццяна Уладзіміраўна расказала таксама аб рабоце ваенных аператараў: будучы разам з салдатамі на перадавой, удзельнічаючы ў баях, маючы ў руках не зброю, а камеру, яны захоўвалі для гісторыі, неацэнныя кадры. Часта коштам гэтых унікальных кадраў было жыццё. З 258 ваенных кінааператараў, якія працавалі ў ваенных брыгадах, загінуў кожны трэці.
Таццяна Буевіч адзначыла, што Беларуская аперацыя «Баграціён» па сутнасці з'яўляецца ўнікальнай і прызнана адной з лепшых ваенных аперацый Другой сусветнай вайны. У ёй літаральна за 10 дзён была разгромлена і практычна знішчана гітлераўская група армій «Цэнтр». Вызвалена ўся Беларусь, частка Прыбалтыкі і перасечана мяжа СССР. У гісторыю Вялікай Перамогі аперацыя «Баграціён» увайшла як адна з нямногіх, якая не мела тактычных і стратэгічных памылак планавання і рэалізацыі.
Аб гэтым сведчаць унікальныя дакументальныя кадры ваеннай хронікі. Тут адлюстраваны наступальныя баі Чырвонай Арміі, вызваленчая аперацыя «Баграціён», гераічная барацьба партызан і працаўнікоў тылу, без якіх немагчымая была б Вялікая Перамога.