«Лабараторыя поспеху: ад ідэі да бізнесу»: бібліятэка
- Details
- Створана 02.05.2024 14:41
Бібліятэка працягвае цыкл сустрэч «Лабараторыя поспеху: ад ідэі да бізнесу» ў рамках рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па правядзенні Года якасці ў 2024 годзе.
30 красавіка Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна, якая з'яўляецца ініцыятарам такіх сустрэч, сама стала ўдзельнікам праекту і запрасіла на чарговую сустрэчу старшакласнікаў віцебскай школы № 11 імя М. М. Бахціна.
Сярод абывацеляў існуе меркаванне, што прафесія бібліятэкара сумная і нецікавая. Але гэта не так. Сучасны бібліятэкар – гэта не толькі захавальнік кніг, але яшчэ і спецыяліст у галіне інфармацыйных тэхналогій. Сёння бібліятэкары не толькі працуюць з рознымі інфармацыйнымі носьбітамі, але і самі ствараюць электронныя рэсурсы, якія даюць магчымасць аптымізаваць працэсы пошуку і забяспечваць аддалены доступ да інфармацыі.
На дадзены момант у прафесіі бібліятэкара пераплятаецца ўсё: творчасць выдаўца, акцёра, дызайнера, сцэнарыста, дакладнасць бухгалтара, камунікатыўнасць менеджэра і многія іншыя якасці.
З мэтай развянчання міфаў аб сухасці і непапулярнасці прафесіі бібліятэкара перад рабятамі выступілі дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Таццяна Адамян і намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Вольга Камендантава.
Падлеткі на цэлую гадзіну пагрузіліся ў свет прафесіі сучаснага «ахоўніка ведаў», пазнаёміліся з напрамкамі работы, прафесійнымі і кар'ернымі магчымасцямі супрацоўнікаў і даведаліся шмат цікавых фактаў з гісторыі абласной бібліятэкі.