Гісторыя Перамогі: святочныя праекты і выставы ў абласной бібліятэцы
- Details
- Створана 30.04.2024 15:40
Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна запрашае сваіх чытачоў, усіх жыхароў і гасцей горада рознага ўзросту даведацца больш пра гісторыю Вялікай Перамогі і ўсвядоміць заўсёдную значнасць гэтага свята для сучаснай Беларусі.
Ключавым праектам Віцебскай абласной бібліятэкі ў год 95-годдзя з дня заснавання і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стаў электронны рэсурс краязнаўчай тэматыкі «Ваенныя дарогі бібліятэкараў Віцебшчыны», прысвечаны ўнёску работнікаў бібліятэк Віцебскага края ў набліжэнне Перамогі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.
Яго асноўная мэта – пазнаёміць з асобамі бібліятэкараў, якія ўдзельнічалі ў вайне і працавалі ў бібліятэках горада Віцебска і Віцебскай вобласці. Пра кожнага з іх прадстаўлена падрабязная інфармацыя: гады жыцця, адукацыя, удзел у баявых аперацыях, праца ў бібліятэчнай сферы, узнагароды і бібліяграфія. Акрамя таго праект дапоўнены інтэрактыўнымі плакатамі і інфаграфікай, што робіць яго больш наглядным і цікавым для карыстальнікаў.
Рэсурс «Ваенныя дарогі бібліятэкараў Віцебшчыны» з'яўляецца важным крокам у захаванні гістарычнай памяці і прызнанні заслуг усіх, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
Літаратурна-музычная вечарына «И, значит, нам нужна одна Победа...» будзе прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння Булата Акуджавы. Як прызнанне ў любві жыццю, людзям, дабру 8 мая ў абласной бібліятэцы прагучыць песенная паэзія Булата Акуджавы, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну і пісаў пра яе. Госці вечарыны змогуць упершыню ўбачыць унікальныя кадры рассакрэчанай ваеннай хронікі вызвалення Віцебска, якія пракаменціруе намеснік дырэктара Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Буевіч.
У рамках штогадовай акцыі, прымеркаванай да Дня Перамогі, бясплатнае індывідуальнае кансультаванне па юрыдычных пытаннях правядзе адвакат Віцебскай абласной калегіі адвакатаў. Чытачы бібліятэкі (пры адсутнасці пастаяннага чытацкага білета можна аформіць разавы) 6 мая атрымаюць кампетэнтную кансультацыю па пытаннях, звязаных з сямейнымі адносінамі, жыллёвым правам, сацыяльнай падтрымкай, вылічэннем працоўнага стажу і іншымі праблемамі.
Для канцэртнай праграмы «Памяць у нашых сэрцах» творчыя калектывы і выканаўцы ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна г. Віцебска» падрыхтавалі тэатралізаваныя сцэнкі, харэаграфічныя нумары і песні ваенных гадоў. Наведвальнікі аддзяленняў сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў і дзённага знаходжання для пажылых людзей збяруцца 6 мая ў бібліятэцы, каб узгадаць страты і ахвяры, прынесеныя дзеля міру і свабоды, і зноў перажыць пачуцці радасці, гонару і падзякі за подзвіг воінаў-вызваліцеляў.
Урок мужнасці «Грозно грянула война...» раскажа 6 мая юным чытачам абласной бібліятэкі пра жывёл – герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія ўнеслі ўклад у перамогу над фашызмам. Сабакі і каты, алені і коні, галубы і нават вярблюды здзяйснялі подзвігі проста выконваючы тое, чаму іх навучылі людзі. І гінулі, ратуючы тысячы чалавечых жыццяў. Жывёлы нароўні з людзьмі праяўлялі стойкасць, мужнасць і гераізм, набліжаючы Дзень Перамогі.
На кніжных выставах да Дня Перамогі ў розных аддзелах бібліятэкі можна ўбачыць унікальныя дакументы, фатаграфіі, кнігі і іншыя матэрыялы, якія расказваюць пра самаахвярнасць і адвагу салдат, раскрываюць значнасць подзвігу простых грамадзян, паказваюць павагу сучаснікаў да памяці загінулых герояў і ветэранаў.
У першыя майскія дні асаблівая аўра адзінства і сувязі паміж пакаленнямі пануе не толькі ў канцэртных залах, парках і на плошчах Беларусі. Усе бібліятэкі краіны ствараюць асаблівую атмасферу, якая дазваляе адчуць дух часу, даведацца пра новыя факты сваёй гісторыі і спадчыны, падзяліцца ўласнымі думкамі і ўражаннямі. Гэта робіць кожны бібліятэчны праект найбольш асабістым і запамінальным.