Святло дзённае – ёсць слова кніжнае
- Details
- Створана 18.03.2024 09:57
У рамках праекта «Дакрануцца рукой да рарытэта» да Дня праваслаўнай кнігі ў выставачнай зале «ExLibris» 11 сакавіка адкрылася выстава факсіміле Слуцкага Евангелля – адной з праваслаўных святынь Беларусі, унікальнага помніка рукапіснай кніжнасці XVI стагоддзя.
Слуцкае Евангелле створана, як мяркуецца, у 1582 г. і лічыцца ўласнаручна перапісаным Юрыем Алелькавічам, князем Слуцкім. Чацвяроевангелле фармату in folio (38,8×25,2 см) напісана на 256 лістах паперы найстаражытным варыянтам кірылічнага алфавіту. Кніга багата ўпрыгожаная каляровымі застаўкамі, пачатковымі літарамі, загалоўкамі, якія аформленыя традыцыйным геаметрычным і раслінным арнаментам з выкарыстаннем кінавары і золата. «Вяршыня мастацкай дасканаласці», – так ацэньваў афармленне Евангелля адзін з аўтараў яго апісання ў XIX стагоддзі.
Наведвальнікі выставы – члены пярвічнай арганізацыі ветэранаў БГАВ галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама, навучэнцы сярэдніх школ горада, чытачы бібліятэкі – падчас экскурсій мелі магчымасць не толькі ўбачыць самыя рэдкія і каштоўныя выданні з фонду бібліятэкі, даведацца больш пра гісторыю і развіццё славянскай пісьменнасці і кніжак беларускіх землях, але таксама патрымаць у руках і пагартаць факсіміле ўнікальнага Евангелля.
Удзельнікі гістарычнай вандроўкі «Слуцкае Евангелле. Вяртанне святыні» – навучэнцы сярэдніх школ № 11 і № 33, гімназіі № 5, Віцебскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа – бліжэй пазнаёміліся з гісторыяй стварэння і цудоўнага здабыцця гэтай рэліквіі. Яны з цікаўнасцю асцярожна пераварочвалі і разглядалі старонкі кнігі, захапляліся прыгажосцю шматлікіх заставак і загалоўкаў, спрабавалі прачытаць тэкст Евангелля на царкоўнаславянскай мове.
За першы тыдзень працы выставы ўбачыць помнік беларускай рукапіснай кнігі змаглі больш за 150 чытачоў і гасцей бібліятэкі.
Выстава будзе працаваць да канца красавіка 2024 года.
Запрашаем усіх жадаючых ненадоўга наведаць ў мінулае і дакрануцца да кніжных каштоўнасцей.
Папярэдні запіс + 375 (212) 67 00 28.