Вуліца камісара Крылова
- Details
- Створана 16.11.2023 13:53
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада»
Лекцыя бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада» 15 лістапада была прысвечана тэме «Вуліца камісара Крылова». Пра знакавую для Віцебска асобу першага ваеннага камісара Сямёна Крылова расказала доктар мастацтвазнаўства, прафесар Таццяна Катовіч.
Перад слухачамі курсаў паўстаў яркі, трагічны лёс адоранага, шчыра захопленага сваёй справай і верай у лепшую будучыню краіны чалавека. Сямён Крылоў заўсёды імкнуўся да самаадукацыі, быў цудоўным аратарам і добрым журналістам. Менавіта дзякуючы яго ініцыятыве быў зняты фільм пра святкаванне першай гадавіны Кастрычніка ў Віцебску, урывак з якога быў паказаны на лекцыі. Арыгінал асобніка выдадзенай ў 1923 годзе кнігі Сямёна Крылова «Красная быль: большевики в Витебске, сборник статей, материалов и воспоминаний» захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці.
Таццяна Катовіч таксама ўзгадала пра адметныя будынкі на вуліцы камісара Крылова ў Віцебску. Падрабязней пра гэта можна прачытаць у кнігах аўтара «Витебск. Успенская горка. Комиссар Крылов», «Политические мистерии: октябрь 1918 – декабрь 1919», «Вишняк: Витебское время» і іншых.