Вечар-успамін «Журналіст, пісьменнік, патрыёт» да 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Хазанскага
- Details
- Створана 27.10.2023 09:49
У рамках цыкла мерапрыемстваў «Беларусь памятае» Віцебская абласная бібліятэка працягвае сустрэчы, прысвечаныя нашым знакамітым землякам. 25 кастрычніка ў бібліятэцы адбыўся вечар-успамін «Журналіст, пісьменнік, патрыёт» да 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Хазанскага.
Больш за сорак год ён працаваў у газеце «Чырвоная змена». На аснове даследаванняў і рэальных гісторый землякоў напісаў кнігі «Спросите у берез», «АСЯ» пра мужнасць і гераізм полацкіх і прошкаўскіх падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Менавіта Уладзімір Хазанскі ў сваім нарысе «Это было под Витебском» упершыню расказаў пра Обальскую падпольную арганізацыю, у якой былі дзеці і падлеткі. У іх ліку – Зіна Партнова. П'еса «Юныя мсціўцы», напісаная сумесна з Аляксандрам Гутковічам, была пастаўленая на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Гады сяброўства звязвалі Уладзіміра Хазанскага і вядучага вечара, ганаровага ветэрана ГА «Беларускі фонд міру» Віктара Грузневіча. Віктар Міхайлавіч нагадаў этапы жыццёвага шляху Уладзіміра Хазанскага. Сваімі ўспамінамі пра таленавітага журналіста, пісьменніка падзяліліся журналіст, краязнаўца Аркадзь Падліпскі і тэлежурналіст Таісія Насонава. Пра работу У. Я. Хазанскага над дакументальнай аповесцю «АСЯ» расказала ветэран педагагічнай працы з г. Полацка Любоў Уфімцава.
На вечары таксама прысутнічалі родныя герояў-падпольшчыкаў Ефрасінні Зяньковай, Яўгеніі Громавай, Яўгена Бардовіча, камандзіра партызанскай брыгады імя У. І. Леніна Мікалая Сакмаркіна. Дачка Яўгеніі Громавай, намесніка сакратара Прошкаўскай падпольнай камсамольскай арганізацыі, заслужаны настаўнік Беларусі Тамара Громава-Бязлюдава падкрэсліла важнасць захавання памяці пра герояў-падпольшчыкаў, нашых землякоў і прадставіла ўвазе прысутных відэафільм да 100-годдзя Уладзіміра Хазанскага, Яўгеніі Громавай, Ефрасінні Зяньковай. Пра сваіх родных, членаў Обальскага падполля, узгадаў ветэран камсамола Сяргей Лузгін.
Добрыя словы пра Уладзіміра Хазанскага сказалі старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Таццяна Туманава і дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін.
Вечар-успамін упрыгожылі душэўныя песні ў выкананні Таццяны Кулаковай, Сяргея Лузгіна, Галіны Калінінай, Андрэя Голуба.