
15 верасня – Дзень бібліятэк Беларусі
- Details
- Створана 16.09.2022 07:46
14 верасня ў бібліятэцы прайшлі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня бібліятэк Беларусі.
Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі для чытачоў насычаную праграму, у рамках якой адбыліся прэзентацыі кніг, бібліятэчных і мастацкіх выставак, прайшлі творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, бібліятэчныя акцыі, інтэрактыўныя гульні, майстар-класы, квэсты.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця свята прагучалі віншаванні з Днём бібліятэк ад дырэктара бібліятэкі Таццяны Адамян, начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Пятра Падгурскага, старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамары Красновай-Гусачэнкі, адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога конкурсу «Праз кнігу ўбачыць краіну: BELARUS».
У творчай атмасферы прайшла прэзентацыя літаратурнага зборніка «Лучнасць сэрцаў і дум», які выйшаў у серыі «Беларусь літаратурная». Свае вершы прачыталі паэты Алена Крыклівец, Галіна Загурская, Аляксандр Раткевіч. Вершы Мікалая Намеснікава, Вольгі Русілкі, Надзеі Салодкай чыталі Тамара Краснова-Гусачэнка і загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова.
У гэты дзень адбылася ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў конкурсу перакладаў вершаў Давіда Сімановіча «Языки не для тьмы и злодейства», прысвечанага 90-годдзю з дня нараджэння паэта. Пераможцам конкурсу перакладаў стала ўдзельніца са Смаленска Аляксандра Нурк з перакладам верша «Я – из Витебска» на англійскую мову. На мерапрыемстве выступілі фіналісты конкурсу Тамара Барадзёнак і Таццяна Яфімава, якая таксама стала лаўрэатам у спецыяльнай намінацыі за лепшае афармленне конкурснай работы.
У рамках святочнай праграмы прайшла прэзентацыя зборніка матэрыялаў VII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Віцебскі край».
Ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося адкрыццё персанальнай юбілейнай выставы мастака Вячаслава Шамшура «Віцебск вядомы і невядомы».
У аддзеле літаратуры па мастацтве адкрылася выстава фотаапаратаў «Спынілі імгненне» з прыватнай калекцыі Рамана Мацвеева.
Для моладзі ў рамках мэтавай комплекснай праграмы «Жывое слова мудрасці духоўнай» прайшла гадзіна давернай размовы са свяшчэннікам іерэем Віталіем Вінакуравым «Усё пачынаецца з сям'і...».
Супрацоўнікі электроннай чытальнай залы правялі майстар-клас «On-line сэрвісы для стварэння інфармацыйнага кантэнту ў сацыяльных сетках». Чытачы даведаліся пра бясплатны анлайн-сэрвіс Learningapps.org і яго функцыянальныя магчымасці, а таксама замацавалі атрыманыя веды на практыцы.
Супрацоўнікі аддзелаў дзіцячай і юнацкай літаратуры правялі гэты дзень у рэжыме нон-стоп «З кнігай вучыся і чытай», у дзіцячым аддзеле працавала Школа юнага бібліятэкара.
Аддзел абанемента прадставіў выставу-панараму новых паступленняў у бібліятэчны фонд «Тэрыторыя чытання», у бібліятэцы праводзіліся бібліятэчныя акцыі «Кніга з рук у рукі», «Вазьмі паэзію з сабой». І дарослыя, і дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў віктарынах, інтэлектуальных гульнях і конкурсах.
Свята было ўпрыгожана песнямі ў выкананні навучэнцаў Дзіцячай школы мастацтваў № 4 г. Віцебска Яўгена Ганчара, Кацярыны Зінкевіч і Міланы Шэраковай. У выкананні настаўніка школы мастацтваў Галіны Перэльман гучалі пранікнёныя мелодыі флейты.