Вынікі абласнога конкурсу кніжных кампазіцый «Праз кнігу ўбачыць краіну: BELARUS»
- Details
- Створана 14.09.2022 16:29
14 верасня ў рамках святкавання Дня бібліятэк Беларусі ў бібліятэцы адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога конкурсу кніжных кампазіцый «Праз кнігу ўбачыць краіну: BELARUS» сярод спецыялістаў публічных бібліятэк рэгіёна.
Конкурс быў арганізаваны сумесна з Віцебскай абласной арганізацыяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў рамках Года гістарычнай памяці. Для ўдзелу ў конкурсе супрацоўнікамі ўсіх бібліятэчных сістэм вобласці было прадстаўлена 100 работ. Цэнтральным элементам фотакампазіцый-буклукаў стала кніга, звязаная з Беларуссю. Сюжэты фотакампазіцый прысвячаліся традыцыйнай народнай культуры, гісторыі роднага краю, у іх адбіліся любоў да чытання і літаратуры, арыгінальны творчы падыход і гумар.
Натхненнем адразу для некалькіх работ сталі прэзентацыйнае выданне «Сімвалы Беларусі» пра найбольш значныя прадметы, з'явы і сімвалы суверэннай Рэспублікі Беларусь; аповесць-споведзь «Мая Беларусь» Уладзімра Ліпскага пра важнасць сваёй гісторыі і значнасць сваіх каранёў; класіка беларускай літаратуры – «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча і «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага. Памяць пра Вялікую Айчынную вайну адбілася ў кампазіцыях з кнігамі Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, аповесцямі пра трагедыі Асвеі, Глыбокага, Хатыні. Апетытнымі буклукамі прадставілі бібліятэкары зборнікі страў беларускай кухні.
У журы конкурсу пад кіраўніцтвам дырэктара Віцебскай абласной бібліятэки Таццяны Адамян былі запрошаны Алена Сабірава – старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму; Святлана Дзядзінкіна – галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама; Дзмітрый Осіпаў – фотакарэспандэнт Рэдакцыі абласной газеты «Віцебскія весці»; Ганна Жукава – педагог аддзялення «Мастацтва і дызайн» філіяла «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж» УА «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт»; Наталля Тарабука – дацэнт кафедры дызайну і моды факультэта дызайну УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт», член Беларускага саюза дызайнераў. Звярнуўшы ўвагу на разнапланавасць конкурсных здымкаў, судзейская калегія вырашыла не проста вызначыць пераможцаў зводнай колькасцю балаў, але і заахвоціць асобныя работы асабістымі прызамі членаў журы.
Згодна з рашэннем журы ўзнагароды пераможцам конкурсу і грашовыя прэміі ад Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму прысуджаны:
Гран-пры: фотакампазіцыя «Сцяжынкамі роднага краю» (Я. Колас, «Сымон-музыка»), аўтар – Раіса Лукашэвіч, бібліятэкар 1 катэгорыі Звяняцкай сельскай бібліятэкі-філіяла № 30 ДУК «Талачынская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма».
I Прэмія: фотакампазіцыя «Хлеб Беларусі» (фотаальбом «Хлеб Беларусі»), аўтар – Тамара Сцепулёнак, бібліятэкар 2 катэгорыі Узмёнскай сельскай бібліятэкі ДУК «Мёрская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма».
II Прэмія: фотакампазіцыя «У партызанскай зямлянцы» (П. Лебедзеў, «Мы – аляксееўцы: запіскі партызанскага разведчыка»), аўтар – Любоў Кісялёва, бібліятэкар Кавалёўскай сельскай бібліятэкі-музея ДУК «Лёзненская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма».
III Прэмія: фотакампазіцыя «Крэпасць мужнасці і славы» (С. Бабранок, «Ля сцен Брэсцкай крэпасці: запіскі ўдзельніка абароны»), аўтар – Іна Бандарэнка, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ДУК «Пастаўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма».
Персанальныя спецыяльныя прызы «За шчырасць і гарманічнасць вобразаў і высокую тэхнічнасць выканання» ад Дзмітрыя Осіпава ўручаны Леакадзіі Аляксеенка, бібліятэкару Сяляўшчынскай сельскай бібліятэкі (філіяла № 18) ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Расонскага раёна», за кампазіцыю «Старыя гісторыі ажываюць» і Раісе Лукашэвіч, бібліятэкару 1 катэгорыі Звяняцкай сельскай бібліятэкі-філіяла № 30 ДУК «Талачынская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», за працу «Сцяжынкамі роднага краю».
Спецыяльны прыз «За крэатыўную атмасферу творчай работы» ад Наталлі Тарабука ўручаны Ганне Паўлючковай, бібліятэкару аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі ДУК «Лепельская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», за кампазіцыю «І зноў у сэрцы струны рвуцца».
Спецыяльны прыз «За выдатны кадр і гульню слоў у назве «ИзумЛён» ад Ганны Жукавай уручаны Наталлі Гусевай, бібліятэкару Усценскай сельскай бібліятэкі – філіяла № 35 ДУК «Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», за фотакампазіцыю «ИзумЛён».