
Узнагароджанне лаўрэатаў «Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі» Віцебскага аблвыканкама
- Details
- Створана 29.12.2021 08:08
27 снежня ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў «Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі» Віцебскага аблвыканкама за 2021 год.
Прынята рашэнне аб прысуджэнні прэміі наступным лаўрэатам:
– у намінацыі «Паэзія» паэту, пісьменніку, краязнаўцу з г. п. Шуміліна Антону Параскевіну (Віктару Улюценку) за кнігу вершаў «Дорога к себе»;
– у намінацыі «Літаратура для дзяцей» аўтарам з г. Оршы Галіне і Сяргею Трафімавым за кнігі «У кого какие уши?» и «Что на грядках растет?».
Віктар Улюценка ўзнагароджаны нагрудным знакам «За вялікі ўклад у літаратуру» (2017), удастоены медаля Францыска Скарыны (2020). Ён практыкуючы ўрач і ў складаных эпідэміялагічных умовах працягвае ратаваць жыцці жыхароў рэгіёна.
Галіна Трафімава – лаўрэат ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны-2014», узнагароджана нагрудным знакам «За вялікі ўклад у літаратуру» (2014). Сяргей Трафімаў узнагароджаны нагрудным знакам «За вялікі ўклад у літаратуру» (2013). Сям'я Трафімавых – лаўрэаты многіх літаратурных прэмій і конкурсаў, аўтары мноства падручнікаў і дапаможнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў школах Беларусі і Расіі.
Намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Пенін уручыў аўтарам Дыпломы лаўрэатаў і пажадаў ім далейшых творчых поспехаў.
Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамара Краснова-Гусачэнка, павіншаваўшы калег з высокай адзнакай іх творчасці, прачытала свой новы верш і адзначыла важную ролю пісьменнікаў у грамадстве, у выхаванні патрыятызму ў падрастаючага пакалення.