
Літаратурна-музычная вечарына «Ціхая Ноч, Святая Ноч…»
- Details
- Створана 20.12.2021 11:05
16 снежня ў бібліятэцы адбылася традыцыйная літаратурна-музычная вечарына «Ціхая Ноч, Святая Ноч...», прысвечаная надыходзячаму святу Раства Хрыстова. У вечарыне прынялі ўдзел чытачы бібліятэкі, вернікі розных хрысціянскіх канфесій, якіх аб'яднала гэта светлае свята.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў вечарыны звярнуўся старшыня каталіцкіх біскупаў Беларусі, Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які перадаў у падарунак бібліятэцы фотаальбом «Касцёлы Беларусі. Віцебская дыяцэзія». Верш і калядная песня пад акампанемент гітары ў выкананні Біскупа Алега Буткевіча былі з цеплынёй успрыняты ўсімі прысутнымі.
Вядучымі вечарыны сталі сястра Серафіна і загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова, якая прачытала верш Мар'яна Дуксы «Прыйсці да алтара». Апавяданне Хрысціны Лялько «Радасць» прагучала ў выкананні Мікалая Клімава, якому за актыўны ўдзел у духоўным жыцці і культурных мерапрыемствах была ўручана грамата ардынарыя дыяцэзіі.
Акцёры Беларускага тэатра «Лялька» падрыхтавалі інсцэніроўку паводле твора Ленэ Скуманц «Маленькі пастух і вялікі разбойнік», пастаноўшчык якой – вядучы майстар сцэны Алег Рыхтар. Міні-спектакль у выкананні вядучых майстроў сцэны Алега Рыхтара і Юрася Франкова, артыстак Марыі Кавалёвай і Кацярыны Абрамовіч стаў прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў вечарыны. А жадаючыя да таго ж змаглі павучыцца кіраваць лялькай-марыянеткай.
Песня «Ціхая ноч», а таксама калядкі ў выкананні ўдзельнікаў хору Віцебскага кафедральнага касцёла Езуса Міласэрнага пад кіраўніцтвам сястры Ёнашы стварылі ў зале святочны настрой.