
VІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край»
- Details
- Створана 29.11.2021 11:15
25 лістапада ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася VІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край», прысвечаная Году народнага адзінства.
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кафедра гісторыі і культурнай спадчыны Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Віцебскі абласны краязнаўчы музей. На ўдзел у канферэнцыі было пададзена каля 100 заявак ад удзельнікаў з Беларусі, Польшчы, Расіі. У Праграме канферэнцыі было заяўлена 42 даклады.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Бараноўскі, загадчык кафедры гісторыі і культурнай спадчыны Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Анатоль Дулаў, дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская.
У час работы канферэнцыі Граматай Інстытута гісторыі НАН Беларусі за плённую навукова-арганізацыйную дзейнасць, значны ўклад у развіццё гістарычнай навукі, папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі быў узнагароджаны галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак. За ўклад у папулярызацыю культурнай спадчыны Беларусі, арганізацыю і правядзенне Міжнародных навукова-практычных канферэнцый «Віцебскі край» Падзякамі дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі былі адзначаны дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, намеснік дырэктара бібліятэкі Вольга Камендантава і загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова.
Выступленне Анатоля Дулава было прысвечана гістарычным вытокам Дня народнага адзінства. На секцыях «Гістарычнае краязнаўства» і «Краязнаўства ў сістэме гуманітарных навук» прагучала шмат цікавых дакладаў. Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік матэрыялаў «Віцебскі край».