
Круглы стол «Актуальныя праблемы развіцця публічных бібліятэк Віцебскай вобласці»
- Details
- Створана 14.10.2021 14:04
13 кастрычніка ў рамках прафесійнага візіту дэлегацыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбыўся круглы стол «Актуальныя праблемы развіцця публічных бібліятэк Віцебскай вобласці» з удзелам кіраўнікоў і спецыялістаў бібліятэк Віцебскай вобласці.
Загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Марына Пшыбытка ў сваім выступленні «Публічныя бібліятэкі Рэспублікі Беларусь: актуальныя задачы і іх рашэнні» прадставіла параўнальны аналіз дзейнасці бібліятэк рэспублікі, азнаёміла ўдзельнікаў круглага стала з «Рэкамендацыямі па метадычным суправаджэнні дзейнасці публічных бібліятэк Рэспублікі Беларусь», распрацаванымі НББ у 2021 годзе, акрэсліла праблемы і тэндэнцыі развіцця бібліятэчнай справы ў Рэспубліцы Беларусь.
Пытанні заканадаўчага забеспячэння дзейнасці бібліятэк асвятліла загадчык сектара навукова-арганізацыйнага забеспячэння бібліятэчнай дзейнасці навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Замаева, выступіўшы з дакладам «Прававое рэгуляванне дзейнасці публічных бібліятэк у Рэспубліцы Беларусь». Спецыялісты бібліятэк атрымалі поўную інфармацыю аб законах, пастановах, палажэннях, якія рэгулююць бібліятэчную дзейнасць па асноўных яе напрамках: фарміраванні інфармацыйных рэсурсаў, арганізацыі абслугоўвання, інфарматызацыі і тэхналагічным развіцці, навуковай рабоце.
Загадчык сектара маніторынгу і каардынацыі дзейнасці бібліятэк навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Анастасія Маслоўская выступіла з дакладам «Камплектаванне фондаў публічных бібліятэк сацыяльна значнымі выданнямі».
Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі таксама адказалі на шматлікія пытанні калег.