
Тэматычны вечар – дыялогавая пляцоўка «Общая мечта – жить в мире и согласии»
- Details
- Створана 17.09.2021 16:01
16 верасня ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня бібліятэк Беларусі і Дня народнага адзінства, адбыўся тэматычны вечар – дыялогавая пляцоўка «Общая мечта – жить в мире и согласии». У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў горада і вобласці.
Удзельнікаў мерапрыемства з Днём народнага адзінства павіншавалі старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч, намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын, старшыня каардынацыйнага Савета арганізацыйных структур грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый г. Віцебска Ларыса Аленская, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Мартынава, старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі Беларускага фонда міра Уладзімір Каташук.
Грамадскімі арганізацыямі Віцебска ў гэтым годзе рэалізуецца праект «История моей страны в истории моей семьи». Удзельнікі праекта Эдуард Авецісян, Тамара Анціпенка, Людміла Мехава, Алена Бондарава расказалі пра ваенныя гісторыі сваіх сем'яў. Адбылася прэзентацыя кнігі ўспамінаў дзяцей вайны «Украденное детство» пад укладаннем Ніны Пісарэнкі. Адзін з герояў кнігі, Міхаіл Каралькоў, падзяліўся сваімі ўспамінамі пра дзяцінства ў ваенным Віцебску.
Гісторыка-патрыятычны праект бібліятэкі «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944» прадставіла вядучая мерапрыемства – загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова. Пра грамадзянска-патрыятычную работу ў сярэдняй школе № 31 г. Віцебска імя В. З. Харужай расказала педагог Марыя Раманоўская, а навучэнцы школы нагадалі ўсім некаторыя старонкі біяграфіі Героя Савецкага Саюза Веры Харужай. У выкананні вучаніц СШ № 31 Дар'і Федчанкі і Марыі Круцікавай прагучалі песні «Ты помни» і «За Беларусь». Цёпла быў прыняты аўдыторыяй верш Веры Дук «Я люблю Беларусь».
Песні ў выкананні вядучага майстра сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Святланы Жукоўскай сталі цудоўным падарункам усім прысутным.