
Пасяджэнне метадычнага аб'яднання выхавальнікаў
- Details
- Створана 02.04.2021 11:13
31 сакавіка ў бібліятэцы адбылося пасяджэнне метадычнага аб'яднання выхавальнікаў груп падоўжанага дня агульнаадукацыйных школ Першамайскага раёна г. Віцебска «Укараненне ў адукацыйны працэс тэхналогій апрацоўкі паперы (мастацкае мадэляванне)». Мерапрыемства было арганізавана ў рамках бібліятэчнага праекта «Бібліятэка – школе».
Адкрыла пасяджэнне метадыст Першамайскага РАА г. Віцебска Святлана Русецкая. У сваім выступленні яна адзначыла неабходнасць і значнасць супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі і культуры.
Старшыня метадычнага аб'яднання, выхавальнік вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 40 г. Віцебска Аксана Нікалайчык выступіла з паведамленнем «Развіццё творчых здольнасцяў дзяцей малодшага школьнага ўзросту праз авалоданне асновамі паперапластыкі», падзялілася вопытам работы і распавяла аб рэалізацыі сумесных праектаў школы і Віцебскай абласной бібліятэкі.
Загадчык сектара сацыякультурнай дзейнасці і маркетынгу Таццяна Лузан азнаёміла педагогаў з гісторыяй, структурай і дзейнасцю бібліятэкі, надаўшы асаблівую ўвагу пытанням узаемадзеяння з установамі адукацыі.
Пасля экскурсіі па бібліятэцы супрацоўнікі сектара сацыякультурнай дзейнасці і маркетынгу правялі для ўдзельнікаў пасяджэння бібліяграфічны агляд выданняў з фонду бібліятэкі «У дапамогу педагогу» і майстар-клас «Мастацкае канструяванне з паперы».