
Дзень сямейнага чытання «Бацькi і дзеці на кніжнай планеце»
- Details
- Створана 17.05.2021 10:40
22 мая ў бібліятэцы прайшоў Дзень сямейнага чытання «Бацькі і дзеці на кніжнай планеце», прымеркаваны да Міжнароднага дня сям'і.
Урачыстым пачаткам свята стаў канцэрт творчых калектываў ДУА «Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» «Сям'я, сагрэтая каханнем» з удзелам узорнага харэаграфічнага калектыва «Вясёлая карусель» і ўзорнага вакальнага калектыва «Лада».
Гульнявая праграма «На абардаж!» захапіла маленькіх гасцей бібліятэкі ў займальную марскую прыгоду. Дзецям давялося выканаць не адно заданне піратаў, каб патрапіць у каманду «Акулавага зуба».
Пятрушка запрасіў юных чытачоў у тэатр на палачках «Хачу ў артысты!», дзе дзеці сыгралі спектакль па казцы Ірыны Халоднай «Чысцёха Калабок».
Прадстаўнікі цэнтра адукацыйных паслуг «Knowledgeland» правялі эстафету лагічных заданняў. Прыязная атмасфера, дапамога бацькоў і нешматлікія падказкі – усё гэта дапамагло прайсці эстафету да канца, вызначыўшы самага спрытнага і хуткага ўдзельніка.
У рамках бібліятэчнага праекта «Свет кнігі. Свет творчасці» адбылося адкрыццё персанальнай выставы творчых работ навучэнцаў узорнай студыі выяўленчага мастацтва «Сюжэт» ДУА «Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» «Сем-Я» (педагог Ірына Сядушкіна).
Экскурсія-квэст «Падарожнічаем па доме кніг» пазнаёміла дзяцей з аддзеламі бібліятэкі, у кожным з якіх неабходна было выканаць пэўнае заданне і атрымаць фрагмент ключавой фразы. Так, у аддзеле літаратуры па мастацтве працавалі з ілюстрацыямі; у аддзеле перыядычных выданняў разгадвалі шыфроўку з дапамогай часопісаў; у электроннай чытальнай зале спрабавалі трапіць на сайт бібліятэкі.
Дзіцячы нейрапсіхолаг Таццяна Сідарэнка правяла для дзяцей і бацькоў практыкум «Чытанне без пакуты» з практыкаваннямі, якія спрыяюць хуткаму працэсу чытання і запамінанню прачытаных тэкстаў.
Скончыўся Дзень сямейнага чытання праглядам дыяфільмаў: з дапамогай фільмаскопа дэманстраваліся казкі, якія агучвалі самі прысутныя.
На працягу ўсяго дня чытачы бібліятэкі прымалі ўдзел у акцыях і гульнях аддзела дзіцячай літаратуры: марафон вершачытання «Не нудзіся, жыраф!», «Бібліясям'я», «Чытацкая стужачка», «Чытаеш? Чытаю! Чытаем!!!», літаратурны растамер «Дарасці да пісьменніка», чытацкі pazzletime «Хтосьці, дзесьці, пра штосьці пісаў».
Усе ўдзельнікі мерапрыемстваў атрымалі салодкія прызы і сувеніры.