
Лекцыя Аляксандра Іванова «Беатрычэ. Хорэа-сімфанічная цыкліяда»
- Details
- Створана 17.02.2021 08:10
У рамках бібліятэчнага праекта «Музыка для ўсіх» 15 лютага адбылася лекцыя кампазітара Аляксандра Іванова аб творы савецкага і расійскага кампазітара Барыса Цішчанкі «Беатрычэ».
Хорэа-сімфанічная цыкліяда «Беатрычэ» – сачыненне для вялікага сімфанічнага аркестра, якое не мае аналагаў у сусветнай гісторыі музыкі. Гэта грандыёзны балет на сюжэт «Боскай камедыі» Дантэ Аліг'еры, які складаецца з пяці паўнавартасных сімфоній. Кожная з іх мае выразную праграму: першая прысвечана зямному жыццю Дантэ, другая і трэцяя апісваюць кругі пекла, чацвёртая – чысцілішча, пятая – рай. Работа над творам доўжылася з 1996 па 2005 год. Да цяперашняга часу гэты балет не пастаўлены.
Удзельнікі мерапрыемства даведаліся гісторыю стварэння і праслухалі другую частку цыкліяды «Входящие, оставьте упованья». Талент і моц кампазітарскага ўяўлення Барыса Цішчанкі захапляюць і ўражваюць слухача – настолькі музыка здольная перадаць уласцівасці чалавечай натуры, фантастычныя карціны і падзеі «Боскай камедыі». Аляксандр Віктаравіч каментаваў і тлумачыў сцэны музыкі, у якіх былі адлюстраваны пакуты грэшнікаў у колах пекла.