
VІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край»
- Details
- Створана 23.11.2020 11:15
19 лістапада ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася VІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край», прысвечаная 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» і кафедра гісторыі і культурнай спадчыны УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава». На ўдзел у канферэнцыі было пададзена больш за 70 заявак ад удзельнікаў з Беларусі, ЗША, Латвіі, Польшчы, Расіі. У Праграме канферэнцыі было заяўлена 36 дакладаў, але ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй было вырашана заслухаць выступленні толькі ўдзельнікаў з Віцебска.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак, загадчык кафедры гісторыі і культурнай спадчыны Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Анатоль Дулаў, настаўнік гісторыі Віцебскага кадэцкага вучылішча, кандыдат гістарычных навук Мікалай Півавар, дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская. Пленарнае пасяджэнне канферэнцыі было прысвечана 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Падымаліся пытанні захавання памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай, вяртання з небыцця імёнаў забытых герояў вайны – ураджэнцаў Віцебшчыны.
Даклады, якія прагучалі на канферэнцыі, былі прысвечаны розным перыядам гісторыі Віцебшчыны, выклікалі вялікую цікавасць. Выступоўцы адказалі на шматлікія пытанні зацікаўленых слухачоў.
Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік матэрыялаў «Віцебскі край».