
15 верасня – Дзень бібліятэк Беларусі
- Details
- Створана 17.09.2020 10:00
15 верасня ў бібліятэцы прайшлі сацыякультурныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня бібліятэк Беларусі.
Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі для чытачоў святочную праграму «Бібліятэка запрашае сяброў!», у рамках якой адбыліся творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг, мастацкіх і бібліятэчных выстаў, прайшлі бібліятэчныя акцыі, інфармацыйныя гадзіны, інтэрактыўныя гульні, віктарыны, квэсты, майстар-класы, экскурсіі для навучэнцаў адукацыйных устаноў горада.
Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця святочнай праграмы прагучалі віншаванні ад дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяны Адамян, намесніка начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Галіны Баркевич, чытачоў бібліятэкі. Упрыгожылі ўрачыстасць выступленні вучняў эстраднага аддзялення дзіцячай музычнай школы № 4 г. Віцебска Ангеліны Фядзько, Яўгена Ганчара і Дар'і Збуржынскай (кіраўнік Алена Цыганкова).
У фае бібліятэкі на працягу дня працавала выстава-панарама новых паступленняў у фонд бібліятэкі «Калейдаскоп кніжных навінак» і выстава-прэзентацыя «Планета перыёдыкі», праходзіла бібліятэчная акцыя «Знайдзі сваю кнігу: чытач – чытачу». Выклікала цікавасць у чытачоў бібліятэкі выстава-дэгустацыя «Душистые ароматы лета» і прэзентацыя народнага клуба кветкаводаў і садаводаў-аматараў «Флора» Лёзненскай раённай бібліятэкі.
У рамках святочнай праграмы адбылося адкрыццё персанальнай юбілейнай выставы работ мастака Алега Крошкіна «Музыка колеру», прайшла творчая сустрэча з краязнаўцам Аркадзем Падліпскім і прэзентацыя яго кнігі «Последний подвиг Веры Хоружей».
З вялікай цікавасцю чытачы і супрацоўнікі бібліятэкі паслухалі лекцыю кандыдата фармацэўтычных навук, дацэнта кафедры фармакагнозіі Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта Наталлі Лапавай «Лекавыя расліны – багацце роднай зямлі» і прынялі ўдзел у трэнінгу па фарміраванні псіхалагічнага здароўя жанчыны «Брэнд па імені "Я"» псіхолага Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анжалікі Дзіканавай. А ўсіх жадаючых раскрыць свой творчы патэнцыял запрасілі ў Школу малявання для дарослых «MASTAK».
Супрацоўнікі аддзела дзіцячай літаратуры сустракалі сваіх чытачоў на дзіцячай пляцоўцы «Солнце на ладошках». У аддзеле працавала Школа юнага бібліятэкара, адбылося адкрыццё выставы творчых і пленэрных работ навучэнцаў Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Шагамі Малевіча і Шагала», прайшла творчая сустрэча з пісьменнікам Ірынай Токаравай «Веселое приклюЧТЕНИЕ».
І дарослыя, і дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў гульнях, віктарынах і майстар-класах, падрыхтаваных супрацоўнікамі бібліятэкі.
Нікога не пакінула раўнадушным вячэрняя літаратурна-музычная праграма «Напоўнім музыкай сэрцы» з удзелам народнага тэатра-студыі аўтарскай песні Цэнтра культуры «Віцебск».
Відэа па выніках мерапрыемства глядзіце на канале YouTube – «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна».