
Лекцыя «Крылатыя драпежнікі Паазер’я»
- Details
- Створана 14.04.2021 09:14
27 красавіка ў бібліятэцы ў рамках навукова-папулярнага праекта «Дзікая лекцыя з "Аховай птушак Бацькаўшчыны". Віцебск» адбылася лекцыя доктара біялагічных навук, прафесара кафедры экалогіі і геаграфіі факультэта хіміка-біялагічных і геаграфічных навук Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзіміра Іваноўскага «Крылатыя драпежнікі Паазер'я».
Уладзімір Валянцінавіч расказаў прысутным пра драпежных птушак, што жывуць побач з намі, пра месцы іх пражывання, асаблівасці гнездавання, пра тое, на каго палююць крылатыя драпежнікі і якія фактары прыводзяць да скарачэння папуляцыі пэўных відаў. На маляўнічых фотаздымках электроннай прэзентацыі ўдзельнікі лекцыі пабачылі скапу, асаеда, арлана-белахвоста, арла-вужаеда, беркута, вялікага і малога арляцоў і іншых драпежных птушак.
Уладзімір Іваноўскі выказаў свае пажаданні маладым беларускім арнітолагам: акрэсліць сучасны статус сокала-падарожніка і сокала-шулёнка ў Беларускім Паазер'і; актывізаваць даследаванні па гнездавой экалогіі палявога луня, чорнага каршуна, асаеда; актывізаваць кампаніі па ахове драпежных птушак, асабліва па вырабе штучных гняздоўяў, сярод супрацоўнікаў Асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый (ААПТ), студэнтаў, старэйшых школьнікаў.