
«Я сын зямлі…»: да 85-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна
- Details
- Створана 26.02.2020 09:15
24 лютага ў дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная вечарына «Я сын зямлі...», прымеркаваная да 85-годдзя з дня нараджэння нашага земляка.
Рыгор Барадулін часта бываў у Віцебску, неаднаразова выступаў перад чытачамі абласной бібліятэкі, быў добра знаёмы з віцебскімі пісьменнікамі.
Вечарына пачалася вершаванымі радкамі паэта Уладзіміра Папковіча, які з вялікай падзякай узгадвае Рыгора Барадуліна, рэдактара сваёй першай кнігі, аднадумцу, сапраўднага майстра слова. Пісьменнік Сяргей Рублеўскі расказаў пра паездку разам з Рыгорам Барадуліным ва Ушачы і прадэманстраваў фотаздымкі з гэтай вандроўкі, зробленыя фотамастаком Міхаілам Шмерлінгам.
Літаратуразнаўца Ірына Саматой, якая вучылася разам з дачкой Рыгора Барадуліна Ілонай, узгадала студэнцкiя гады і сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі ў Доме літаратара, і адзначыла, што паэзія Рыгора Барадуліна – на ўсе часы.
Некалькі дзесяцігоддзяў відэазапісы многіх творчых вечарын, сустрэч з пісьменнікамі робіць Фёдар Грынеўскі. Фёдар Аляксеевіч расказаў пра сустрэчы з Барадуліным, прысутныя паглядзелі відэакліп на песню «Трэба дома бываць часцей», зроблены па матэрыялах адной з такіх сустрэч. Таксама была прадэманстравана частка відэафільма са святкавання 60-годдзя паэта і сустрэчы ў Віцебскім педагагічным інстытуце. Яшчэ раз надалася магчымасць пабачыць запіс выступлення на гэтай сустрэчы Міхася Райчонка, даследчыка творчасці Язэпа Драздовіча, які вельмі рана пайшоў з жыцця. А верш, натхнёна прачытаны тагачаснай студэнткай Людмілай Сіманёнак, вельмі спадабаўся народнаму паэту. Паэтэса, загадчык літаратурнай часткі Беларускага тэатра «Лялька» Людміла Сіманёнак узгадала сустрэчы з Рыгорам Барадуліным у Віцебску, клопат паэта пра лёс беларускай мовы. Паэт Уладзімір Марудаў прачытаў верш-прысвячэнне Рыгору Барадуліну. Краязнаўца, нястомная збіральніца фальклору Людміла Нікіціна адзначыла, што дыхала з Рыгорам Барадуліным «адным фальклорным паветрам», збіраючы моўныя скарбы, запісваючы іх. Ва «Ушацкім словазборы» Людміла Канстанцінаўна сустрэла шмат трапных народных выразаў, добра ёй вядомых.
Многія з выступоўцаў звярталіся да кнігі духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна «Ксты». Пранізліва і шчымліва прагучалі «Псалмы» Рыгора Барадуліна ў выкананні паэта, выкладчыка, музыканта Міхаіла Рубіна.
Кнігі з аўтографамі Рыгора Барадуліна прынесла на вечарыну былы загадчык Літаратурнага музея Святлана Казлова. «Без Віцебшчыны няма й не было б ні літаратуры, ні культуры...», – напісаў на адной з іх Рыгор Барадулін.
На працягу вечарыны гучалі песні ў выкананні музыканта, выкладчыка Аляксандра Салавяна на вершы Рыгора Барадуліна «Чорны вол маёй трывогі», «Чалавек не ўзнікае так...», «Дым». Завяршальным лірычным акордам вечарыны прагучаў запіс песні на верш Рыгора Барадуліна «Босая зорка».