
УНОВИС – ядро віцебскай школы
- Details
- Створана 20.01.2020 11:15
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада»
23 студзеня ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылiся чарговыя заняткі бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада» на тэму «УНОВИС – ядро віцебскай школы», прымеркаваныя да 100-годдзя гэтай унікальнай з'явы ў сусветным і айчынным мастацтве.
Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Таццяна Катовiч расказала пра гiсторыю стварэння УНОВИСа, яго праграму, структуру, удзельнікаў, вынікі і значэнне іх дзейнасці. Засяродзіла ўвагу слухачоў на тым этапе ў жыцці Віцебскага мастацкага вучылішча, які быў звязаны з прыездам у Вiцебск заснавальніка супрэматызму Казiмiра Малевiча. Менавiта iм быў створан новы тып мастацкага аб'яднання, арганізаванага па прыкладзе палітычнай партыі – «Утвердители нового искусства» (УНОВИС) з адукацыйнай і даследчай функцыямі. Таццяна Вiктараўна распавяла пра атмасферу, якая ў тыя часы панавала ў Вiцебску. Выступленне суправаджалася ілюстрацыйнымі матэрыяламі.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Відэаверсіі папярэдніх лекцый і перадач размешчаны на сайце абласной бібліятэкі, а таксама ў групе курсаў у сацыяльнай сетцы.