
Творчая сустрэча з паэтам Алесем Разанавым
- Details
- Створана 16.12.2019 09:44
15 снежня ў бiблiятэцы адбылася творчая сустрэча з беларускiм паэтам, перакладчыкам, эсэiстам Алесем Разанавым. Арганізатарамі сустрэчы выступілі вядучыя бясплатных курсаў «Мова Нанова – Віцебск» Таццяна Дубоўская і Ганна Кажамячанка.
Добрыя словы ў адрас паэта прагучалі ў выступленнях намесніка дырэктара па бібліятэчнай рабоце Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Вольгі Камендантавай, старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Анастасіі Лазебнай, дацэнта кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Вольгі Уткевіч. Цікавыя звесткі пра Алеся Разанава распавёў яго аднагрупнік, журналіст Анатоль Бруцкі.
Творы пісьменніка перакладзены больш чым на 50 моў, асобнымi выданнямi выйшлi кнiгi ў Грузii, Германii, Балгарыi, Польшчы. Алесь Разанаў перакладае з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскай, чэшскай, ангельскай і нямецкай моў. Большую частку мерапрыемства пісьменнік прысвяцiў менавiта чытанню вершаў. Прысутныя пачулі яго верлiбры, версэты, квантэмы, вершаказы, зномы, пункціры i, нарэшце, wortdichte – жанр, распрацаваны аўтарам і падобны да беларускіх вершаказаў.
Мерапрыемства атрымалася па-сапраўднаму паэтычна-цёплым. У канцы сустрэчы кожны жадаючы мог атрымаць аўтограф і сфатаграфавацца з Алесем Сцяпанавічам.