
Літаратурная вечарына «Я перад вамі з памяццю сваёй…»
- Details
- Створана 20.06.2019 09:48
19 чэрвеня ў бібліятэцы адбылася літаратурная вечарына «Я перад вамі з памяццю сваёй...», прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Вечарына была наладжана сумесна з Віцебскай абласной арганізацыяй ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны».
Вядучыя вечарыны – старшыня абласной арганізацыі Юрый Бабіч і загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі бібліятэкі Ларыса Рагачова – расказалі пра значнасць творчасці Васіля Быкава для беларускай і сусветнай літаратуры, узгадаўшы некаторыя старонкі біяграфіі пісьменніка. Дэкан філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Нікалаенка падкрэсліў неацэнны ўнёсак Васіля Быкава ў нацыянальную літаратуру.
Васіль Быкаў адыграў не апошнюю ролю ў з'яўленні музея Марка Шагала ў Віцебску, пра гэта сказаў у сваім выступленні краязнаўца Аркадзь Падліпскі. Аркадзь Міхайлавіч нагадаў пра навучанне Васіля Быкава ў Віцебскім мастацкім вучылішчы і ў будаўнічым вучылішчы і расказаў пра віцебскія мясціны, звязаныя з юнацкімі гадамі пісьменніка. Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская ўзгадала пра мастацкія пленэры, што ладзяцца ў Бычках, пра сваю працу над габеленам з выявай Васіля Быкава і прачытала верш Кастуся Севярынца «Васілёк. Бычкі. Дарога».
Пра тэатральныя пастаноўкі па творах Васіля Быкава, якія ішлі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, і пра пастаноўкі школьных тэатраў, распавёў літаратурны рэдактар тэатра Юрый Іваноўскі. Доўгія гады матэрыялы пра творчасць пісьменнікаў-землякоў збіралі супрацоўнікі Літаратурнага музея. Былы загадчык музея Святлана Казлова нагадала пра экспазіцыі, прысвечаныя Васілю Быкаву, якія наладжваліся ў Літаратурным музеі, і матэрыялы, што захоўваюцца ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
Ганаровы старшыня савета Віцебскай абласной арганізацыяй ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны» Іосіф Навумчык, які быў асабіста знаёмы з Васілём Быкавым, расказаў пра сустрэчы з пісьменнікам, пра актыўную грамадзянскую пазіцыю Васіля Быкава, яго клопат пра незалежную Беларусь. Не раз сустракаўся з Васілём Быкавым і паэт, перакладчык Уладзімір Папковіч, які, на вялікі жаль, не мог прысутнічаць на вечарыне, але яго верш-прысвячэнне Васілю Быкаву «Прарок» прачытаў сябра, мастак Фелікс Гумен. Ушаччына дала Беларусі многіх таленавітых творцаў, сярод якіх і пісьменнік Міхась Мірановіч. Міхась Канстанцінавіч, расказаўшы пра родныя мясціны Васіля Быкава, прачытаў вершы-карацелькі, навеяныя «паэтычнымі» пленэрамі ў Бычках. Уласны верш-прысвячэнне Васілю Быкаву «Урок сумлення» прачытаў Мар'ян Даргель.
Праграму па творчасці Васіля Быкава падрыхтавалі студэнты філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Наталья Ермакова і Анастасія Марозава прачыталі ўрыўкі з кнігі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому». 10 цікавых фактаў пра жыццё і творчасць Васіля Быкава і віктарыну для ўдзельнікаў вечарыны падрыхтавалі Марына Сазонава і Кацярына Міхаль. Кацярына Міхаль прачытала верш Георгія Ліхтаровіча «Памяці Васіля Быкава». Песня «Забытая магіла» прагучала ў выкананні Арцёма Лонскага.
На працягу вечарыны гучалі песні ў цудоўным выкананні паэта і барда Георгія Станкевіча.