
Па старонках «Віцебскіх сшыткаў» з Людмілай Хмяльніцкай
- Details
- Створана 19.03.2019 09:44
26 сакавіка ў бібліятэцы адбылася першая сустрэча ў рамках праекта «Па старонках "Віцебскіх сшыткаў" з Людмілай Хмяльніцкай».
Загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова нагадала прысутным гісторыю з'яўлення гістарычнага навукова-папулярнага часопіса «Віцебскі сшытак» і тэматыку нумароў выдання. Галоўны рэдактар альманаха Людміла Хмяльніцкая распавяла пра аўтараў альманаха, геаграфію даследчыкаў, склад матэрыялаў. Людміла Уладзіміраўна адзначыла, што, пачынаючы з першага нумара, увагу даследчыкаў прыцягвала постаць ураджэнца Віцебска, этнографа, метэаролага, мемуарыста Максіміліяна Маркса, «Записки старика» якога былі падрыхтаваны да друку Інай Абрамавай і змяшчаліся ў №№ 1–3 альманаха, а ў № 5 можна прачытаць яго іншыя творы і даследаванне Сяргея Лявончыка з Польшчы пра енісейскую ссылку Максіміліяна Маркса.
Аўтар «Віцебскіх сшыткаў», кандыдат мастацтвазнаўства, вядучы метадыст аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Людміла Вакар расказала пра раздзел «Допісы на палёх», які быў у першых выпусках альманаха. Адным з герояў «Допісаў...» стаў майстар інсітнага мастацтва з Віцебска Фёдар Максімаў, чыя творчасць прадстаўляе сабой рэдкі ўзор народнага мыслення, з'яўлялася працягам традыцый лубка XVII–XVIII стст. Людміла Вакар паведаміла, што разглядаецца пытанне пра наданне творчасці Фёдара Максімава статусу «народнай культурнай каштоўнасці».
Наступная сустрэча праекта будзе прысвечана выхаду ў свет шостага выпуску альманаха. Нагадваем, што з дазволу галоўнага рэдактара «Віцебскіх сшыткаў» Людмілы Хмяльніцкай электронныя варыянты нумароў альманаха «Віцебскі сшытак» змяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі: http://vlib.by/index.php/ru/vitsebski-sshytak.