
Прэзентацыя зборніка «Женский подвиг в истории Беларуси. 1917–2017 годы»
- Details
- Створана 06.03.2019 13:34
5 сакавіка ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя зборніка матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Женский подвиг в истории Беларуси. 1917–2017 годы».
Канферэнцыя праходзіла 26 кастрычніка 2017 года на базе Віцебскай абласной бібліятэкі. Арганізатарамі выступілі Міжнародная арганізацыя «Саюз праваслаўных жанчын», Віцебская абласная бібліятэка, Віцебскае абласное грамадскае аб'яднанне праваслаўных жанчын, Сястрыцтва ў гонар роўнаапостальнай княгіні Вольгі ў горадзе Віцебску Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Выданне зборніка стала магчымым дзякуючы ініцыятыве народнай артысткі Беларусі, вядучага майстра сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Святланы Акружной і фінансавай падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Значнасць і неабходнасць выхаду ў свет такога выдання падкрэслілі ў сваіх выступленнях намеснік старшыні Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Віктар Лугаўцоў, старшыня Віцебскага гарадскога савета ветэранаў Ларыса Аленская, галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вольга Рынкевіч.
Выступленні ўдзельнікаў канферэнцыі: загадчыка Краязнаўчага музея Полацка, філіяла Полацкага Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ірыны Водневай, дырэктара Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа імя акадэміка І. П. Антонава Валянціны Заяц, кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры правазнаўства і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» Таццяны Івановай былі прысвечаны працоўнаму і ратнаму подзвігу жанчын Беларусі.
Жанчынам, чый маўклівы подзвіг дапамагаў узняць нашу краіну ў пасляваенны час, прысвяціла свой верш «Солдатка» паэтэса Галіна Сінякова.
Доктар мастацтвазнаўства, прафесар кафедры агульнай гісторыі і сусветнай культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Таццяна Катовіч прадставіла ўдзельнікам мерапрыемства вытрымкі з даклада, прысвечанага Святлане Акружной.
У майстарскім выкананні Святланы Акружной гучалі вершы Паўла Кашаева «Свет женщины» і Дзмітрыя Меражкоўскага «Бог».
Хор Віцебскай духоўнай семінарыі пад кіраўніцтвам рэгента, дыякана Аляксандра Буханцова выканаў музычныя творы.