
Літаратурна-музычная вечарына «Ціхая ноч, Святая ноч…»
- Details
- Створана 11.12.2018 11:16
8 снежня, напярэдадні калядных святаў у бібліятэцы адбылася традыцыйная літаратурна-музычная вечарына «Ціхая ноч, Святая ноч...».
Гэтае свята, прысвечанае Раству Хрыстоваму, аб'ядноўвае вернікаў розных канфесій. Вечарына пачалася песняй «Ave Maria» ў чароўным выкананні ўдзельнікаў узорнага калектыву Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі – вакальнай студыі «Асоль» пад кіраўніцтвам Алены Фальковіч. З прывітальным словам да ўдзельнікаў вечарыны звярнуўся Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На вечарыне таксама прысутнічалі канцлер дыяцэзіяльнай курыі ксёндз Віктар Місевіч і вікарый парафіі Святога Антонія ў Віцебску айцец Станіслаў Памыкала. Вялікую працу па падрыхтоўцы вечарыны правёў нязменны вядучы перадкалядных сустрэч у бібліятэцы, пісьменнік Франц Сіўко, які адзначыў, што творы беларускай літаратуры, якія заўсёды гучаць на гэтых сустрэчах, безумоўна, спрыяюць узаемаразуменню паміж людзьмі і духоўна абагачаюць іх.
Вершы Васіля Зуёнка, Мар'яна Дуксы, Ларысы Геніюш шчыра і натхнёна прачыталі юныя ўдзельнікі вечарыны Уладзіслаў Каржанеўскі і Сцяпан Серабро. Паэтэса, загадчык літаратурнай часткі Беларускага тэатра «Лялька» Людміла Сіманёнак прысвяціла сваё выступленне паэту, літаратуразнаўцу, выкладчыку Анатолю Канапельку. Настаўніца Наталля Плешчанка абрала для выканання на вечарыне прозу ад Святога Аўгустына і Святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса. Загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова прачытала апавяданне Хрысціны Лялько «Радасць». Удзельнікі вечарыны з задавальненнем слухалі калядныя песні ў выкананні дыяцэзіяльнага хору «Hosanna» пад кіраўніцтвам Святланы Шыдлоўскай.
У завяршэнне святочнай вечарыны Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч пад уласны акампанемент выканаў песню, прысвечаную Маці Божай, «Ты за сабою нас вядзі!». Кожны з удзельнікаў вечарыны атрымаў у падарунак каляндар да 20-годдзя Віцебскай дыяцэзіі, якое будзе адзначацца ў наступным годзе.