
ІV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край», прысвечаная 80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці
- Details
- Створана 26.11.2018 16:07
22 лістапада ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася ІV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край», прысвечаная 80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці.
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава, кафедра гісторыі Беларусі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў і галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак. Загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Анатоль Сцебурака перадаў у дар Віцебскай абласной бібліятэцы каталог міжнароднай выставы «Беларусь и Библия».
У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы, гісторыкі, архівісты, краязнаўцы, музейныя работнікі, работнікі ўстаноў культуры і адукацыі, краязнаўцы з Беларусі і Расіі.
На працягу канферэнцыі працавалі дзве секцыі: «Гістарычнае краязнаўства» і «Культурна-асветныя ўстановы і ўстановы адукацыі ў сістэме сучаснага краязнаўства». Таксама падчас канферэнцыі адбыўся круглы стол «Віцебшчына і Смаленшчына ў працэсах беларуска-расійскай інтэграцыі».
Былі прадстаўлены новыя матэрыялы пра гісторыю адміністратыўна-тэрытарыяльных падзелаў вобласці, ахову помнікаў гісторыі і культуры, гістарычныя падзеі, што адбываліся на нашай тэрыторыі, знакамітых людзей Прыдзвінскага краю. Шмат увагі было нададзена асвятленню ролі ўстаноў культуры і адукацыі ў захаванні і папулярызацыі нашай гістарычнай спадчыны, пытанням патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.
Па выніках канферэнцыі плануецца выданне чацвертага тома штогодніка «Віцебскі край». Першыя тры выйшлі раней і былі прысвечаны 170-годдзю мясцовага краязнаўцы Мікалая Нікіфароўскага, 385-годдзю выхаду ў свет «Буквара» Спірыдона Собаля і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.