
Віцебскі трамвай: да 120-гадовага юбілею. Частка другая
- Details
- Створана 17.01.2019 10:04
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада»
16 студзеня ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбыліся пазачарговыя заняткі бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада» на тэму «Віцебскі трамвай: да 120-гадовага юбілею. Частка другая». З працягам сваёй лекцыі выступіў дырэктар Музея віцебскага трамвая Васіль Паўлючкоў.
Васіль Міхайлавіч расказаў пра развіццё трамвайнага руху ў Віцебску ў 1900–1980 гадах. Гаворка ішла аб правілах карыстання трамваем, рабочым графіку супрацоўнікаў, развіцці маршрутнай сеткі ў розныя гады.
Васіль Паўлючкоў зачытаў некаторыя скаргі і прэтэнзіі 1905–1907 гадоў і адказы на іх, падкрэсліўшы, што практычна такія ж самыя запісы робяцца і ў наш час. Вельмі складаным для трамвайнага руху сталі 1917–1923 і 1941–1944 гады, калі быў знішчаны трамвайны парк і праца трамваяў спынілася. Другое нараджэнне трамвайны рух перажыў у пасляваенны перыяд – трамваі здзяйснялі 82 % пасажырскіх перавозак аж да 1980-х гадоў.
Васіль Міхайлавіч адказаў на шматлікія пытанні слухачоў курсаў і запрасіў іх наведаць Музей віцебскага трамвая.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Відэаверсіі папярэдніх лекцый і перадач размешчаны на сайце абласной бібліятэкі, а таксама ў групе курсаў у сацыяльнай сетцы.