Стаіць мая хата між хвой кучаравых...
- Details
- Створана 03.11.2022 08:30
Стаіць мая хата між хвой кучаравых...
Да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа
Побач з Янкам Купалам – агульнанародна прызнаным і неаспрэчным прарокам беларускай зямлі нельга не паставіць яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры – Якуба Коласа. Паплечнік, аднадумца і шматгадовы сябар Купалы, такі ж таленавіты і па-сапраўднаму народны творца, Якуб Колас з'яўляецца гонарам беларускай нацыі.
Нарадзіўся Якуб Колас 3 лістапада (22 кастрычніка па старым стылі) 1882 года ў вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне ў сям'і лесніка. Сапраўднае імя – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Раннія дзіцячыя гады прайшлі ў лесніковых сядзібах Ласток і Альбуць, што недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына. У 1898 годзе Якуб Колас паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую паспяхова скончыў у 1902 годзе. Падчас вучобы захапіўся мастацкай літаратурай: чытаў як рускіх класікаў, так беларускіх і замежных аўтараў. Пісаў уласныя вершы на рускай мове, выступаў на вечарах мастацкай самадзейнасці, быў вядомы як збіральнік вуснай народнай творчасці. Пасля заканчэння семінарыі настаўнічаў у вёсках цяперашніх Ганцавіцкага, Пінскага, Талачынскага і Смалявіцкага раёнаў. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе 10 ліпеня 1906 года быў звольнены і пазбаўлены права вучыць дзяцей. У 1906–1907 гг. у вёсцы Смалярня адкрыў прыватную школу. У 1907 годзе пераехаў у Вільню, дзе працаваў загадчыкам аддзела літаратуры ў «Нашай Ніве». Яшчэ праз два гады зноў удзельнічаў у такім жа з'ездзе, у выніку чаго быў арыштаваны і асуджаны на тры гады пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Мінскім астрозе. 14 верасня 1906 года газета «Наша доля» змясціла верш Я. Коласа «Наш родны край», які і стаў дэбютам будучага класіка беларускай літаратуры ў паэзіі. А ў 1910 годзе ў Вільні выйшаў у свет яго першы зборнік вершаў «Песні жальбы». У 1909 годзе выходзіць падручнік пад яго аўтарствам «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». У гэты ж час Колас працуе над паэмамі «Сымон-музыка» і «Новая зямля». У 1912 годзе ён выдае зборнік прозы «Апавяданні». А ў 1913 годзе ў Санкт-Пецярбурзе выходзяць адразу тры кнігі пісьменніка – «Нёманаў дар», «Тоўстае палена» і зборнік вершаваных апавяданняў «Прапаў чалавек».
У пачатку Першай сусветнай вайны Колас эвакуіраваўся ў Маскоўскую губерню, але пазней яго прызвалі ў войска. Знаходзячыся на Румынскім фронце, пісьменнік захварэў і быў дэмабілізаваны. Працаваў настаўнікам у горадзе Абаянь (Курская вобласць). У 1921 годзе вярнуўся ў Мінск. Выкладаў у Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме, Беларускім дзяржаўным універсітэце, актыўна займаўся навуковай дзейнасцю. У 1923 годзе публікуецца адзін з галоўных твораў у жыцці Коласа – паэма «Новая зямля». А ў 1925 годзе ў часопісе «Полымя» друкуецца яшчэ адна знакавая паэма – «Сымон-музыка».
У 1926 годзе выйшла ў свет кніга Я. Коласа «Методыка роднай мовы» – першы метадычны дапаможнік у Беларусі. З 1929 года Колас займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР. Прымаў актыўны ўдзел у з'ездах пісьменнікаў. У 1935 годзе ўдзельнічаў у рабоце Кангрэса ў абарону культуры ў Парыжы. У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце, Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай дзейнасцю. У снежні 1944 года вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў у Акадэміі навук, вёў актыўнае грамадска-палітычнае жыццё: абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1938–1956) і Вярхоўнага Савета СССР (1946–1956). Быў старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру. Выступаў як літаратурны крытык і публіцыст, перакладаў на беларускую мову многія творы замежных аўтараў, у тым ліку паэму А. Пушкіна «Палтава», асобныя вершы М. Лермантава, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі і інш. Быў адным з рэдактараў акадэмічнага выдання «Русско-белорусского словаря», які выйшаў у свет у 1953 годзе. Якуб Колас з'яўляецца аўтарам твораў для дзяцей – паэмы «Міхасёвы прыгоды», вершаванай казкі «Рак-вусач», зборнікаў вершаў «На рэчцы зімой», зборнікаў апавяданняў «У старых дубах», «Раніца жыцця». Апрацаваў шэраг беларускіх народных казак.
У апошнія гады свайго жыцця Колас шмат хварэў, але працягваў ствараць новыя творы і памёр за працоўным сталом 13 жніўня 1956 года. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску, недалёка ад магілы Янкі Купалы.
Вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас навечна ўвайшоў у гісторыю нацыянальнага пісьменства, у гісторыю айчыннай культуры. У Мінску дзейнічае Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. На малой радзіме паэта ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці працуе філіял «Мікалаеўшчына», які аб'ядноўвае мемарыяльныя сядзібы – Смольня, Акінчыцы, Альбуць і Ласток. У розных гарадах Беларусі паэту ўсталяваны помнікі, а яго імя носяць вуліцы, плошчы, адукацыйныя і культурныя ўстановы – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, Цэнтральная навуковая бібліятэка Акадэміі навук у Мінску і інш.
Жыгоцкі, М. Прыйшоў у жыццё дзеля нас: нататкі пра лёс і творчасць Якуба Коласа / М. Жыгоцкі. – Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2015. – 152 с. Кніга Міколы Жыгоцкага – папулярны біяграфічны нарыс, які складаецца з невялікіх літаратурных аповедаў, пачынаючы ад вытокаў і да апошніх дзён жыцця Якуба Коласа. Яна насычана цікавымі звесткамі і фактамі, істотна пашырае ўяўленне пра асобу Коласа як чалавека, яго сямейны асяродак, захапленні, клопаты, заняткі, улюбёныя мясціны, творчыя кантакты і інш. Аўтарам выкарыстаны архіўныя і музейныя матэрыялы, успаміны пісьменнікаў, землякоў, родных. |
|
Якуб Колас. Вобразы мілыя роднага краю... : успаміны, вершы, паэма / уклад. В. Шніпа. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2017. – 334 с, іл. У кнігу ўвайшлі ўспаміны сыноў Якуба Коласа Данілы Канстанцінавіча і Міхася Канстанцінавіча, сучаснікаў Песняра, якія добра ведалі яго. |
|
Якуб Колас. У думках, у сэрцах, у песнях : успаміны, нарысы, эсэ, прысвячэнні / уклад. М. Міцкевіча. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. – 605, [1] с., іл. – (Жыццё знакамітых людзей Беларусі, ЖЗЛБ). Кніга прысвечана памяці Якуба Коласа, народнага паэта Беларусі, аднаго з заснавальнікаў сучасных беларускай мовы і літаратуры, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, лаўрэата шматлікіх дзяржаўных прэмій і ўзнагарод. Праз успаміны родных і блізкіх, паплечнікаў і сяброў, вучняў і землякоў паўстае вобраз Мастака і Чалавека ва ўсёй філасофскай велічы і прыгажосці. |
|
Мушынскі, М. І. Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа / М. І. Мушынскі. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – 1126 с. У храналагічнай паслядоўнасці ў кнізе ўзнаўляецца шматгранная літаратурна-творчая, грамадска-палітычная, культурна-асветніцкая, навуковая дзейнасць Якуба Коласа, яго праца як перакладчыка, педагога, аднаго з арганізатараў літаратурнага працэсу ў Беларусі. Значная ўвага звернута на асвятленне прыватнага, сямейнага жыцця паэта, яго стасункаў з прадстаўнікамі шырокага грамадска-культурнага асяроддзя. |
|
Трафімчык, А. В. Якуб Колас – вядомы і невядомы / А. В. Трафімчык. – Мінск : Ковчег, 2012. – 139 с. У кнізе прадстаўлены даследаванні жыцця і творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, што дазваляе чытачу не толькі аднавіць свае веды, але і адкрыць для сябе дагэтуль невядомыя бакі класіка як мастака слова. Аўтарам даследуюцца некаторыя біяграфічныя старонкі пісьменніка, разглядаюцца асобныя моманты захавання памяці пра Песняра. |
|
ЛІТАРАТУРА
1. Александрович, С. На простор: страницы жизни Якуба Коласа : повесть / С. Александрович ; пер. с белорус. В. Жиженко ; худож. В. А. Тарасов. – Минск : Мастацкая літаратура, 1992. – 525 с.
2. Бутэвіч, А. Новыя факты з жыцця Якуба Коласа ад ягонага сына Міхася / А. Бутэвіч // Звязда. – 2010. – 16 студз. – С. 6.
3. Галоўка, С. Курскія ростані Якуба Коласа / С. Галоўка // Беларуская думка. – 2021. – № 4. – С. 44–49.
4. Головко, С. Виленские адреса народного Песняра / С. Головко // Беларуская думка. – 2018. – № 12. – С. 42–50.
5. Дым, В. В. Пуцявінамі Якуба Коласа. Вандроўкі па малой радзіме паэта / В. В. Дым // Выхаванне і дадатковая адукацыя. – 2022. – № 8. – С. 35–39.
6. Жыгоцкі, М. Малавядомае пра Якуба Коласа / М. Жыгоцкі // Полымя. – 2011. – № 11. – С. 137–146.
7. Жыгоцкі, М. Р. Побач з Коласам / М. Р. Жыгоцкі. – Мінск : Беларуская навука, 1996. – 196 c.
8. Жыгоцкі, М. Р. Сэрца пакідаю вам: па Коласаўскіх мясцінах / М. Р. Жыгоцкі. – Мінск : Полымя, 1993. – 80 с.
9. Жыгоцкі, М. Р. У цяжкі час вайны суровай: аб жыцці і дзейнасці Якуба Коласа ў эвакуацыі / М. Р. Жыгоцкі. – Мінск : Навука і тэхніка, 1995. – 120 с.
10. Каласавіны: Якуб Колас. Чалавек. Эпоха. Час : матэрыялы XXVII навуковай канферэнцыі, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа, 2–3 лістапада 2012 г., г. Мінск / [склад.: З. М. Камароўская, Г. С. Спорыш]. – Мінск : Ковчег, 2013. – 274 с.
11. Каліноўская, М. Якуб Колас. Сцяжынамі Віцебшчыны / М. Каліноўская // Краязнаўчая газета. – 2012. – № 26 (ліп.). – С. 4.
12. Купала і Колас, вы нас гадавалі : дакументы і матэрыялы / уклад.: В. Д. Селяменеў [і інш.] ; рэдкал.: М. І. Мушынскі [і інш.]. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – Кн. 1 : 1909–1939. – 320 с.
13. Купала і Колас, вы нас гадавалі : дакументы і матэрыялы / уклад.: В. Д. Селяменеў [і інш.] ; рэдкал.: М. І. Мушынскі [і інш.]. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. – Кн. 2 : 1909–1939. Ч. 1. – 381 с.
14. Купала і Колас, вы нас гадавалі : дакументы і матэрыялы / уклад.: В. Д. Селяменеў [і інш.] ; рэдкал.: М. І. Мушынскі [і інш.]. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2012. – Кн. 2 : 1939–2009. Ч. 2. – 336 с.
15. Міцкевіч, В. Коласавы памкненні і здабыткі 1921 года / В. Міцкевіч // Полымя. – 2021. – № 4. – С. 132–136.
16. Міцкевіч, Д. К. Любіць і помніць: успамінае сын Якуба Коласа / Д. К. Міцкевіч. – Мінск : Полымя, 2000. – 288 с.
17. Пратасевіч, М. І. Пуцявінамі Коласа / М. І. Пратасевіч. – Мінск : Універсітэцкае, 2002. – 24 с.
18. Пшыркоў, Ю. С. Летапісец свайго народа: жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа / Ю. С. Пшыркоў ; рэд. В. В. Барысенка. – Мінск : Навука і тэхніка, 1982. – 367 с.
19. Суарэс, Л. І. Якуб Колас – народны паэт і настаўнік / Л. І. Суарэс // Веснік адукацыі = Вестник образования. – 2012. – № 10. – С. 61–67.
20. Трафімчык, А. В. Колас зямлі беларускай / А. В. Трафімчык. – Мінск : Народная асвета, 2017. – 143 с.
21. Тычына, М. Янка Купала і Якуб Колас: учора і сёння : [манаграфія] / М. А. Тычына. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – 493 с.
22. Шкирандо, Ф. Якуб Колас и Витебск / Ф. Шкирандо // Віцьбічы = Витьбичи. – 2022. – 8 сент. – С. V. – (Прил.: Вечерний Витебск).