
Юбілейны творчы вечар Тамары Красновай-Гусачэнкі
- Details
- Створана 13.04.2018 10:02
9 красавіка ў бібліятэцы адбыўся юбілейны творчы вечар «Со мною вечность говорит...», прысвечаны 70-годдзю паэта, старшыні Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамары Красновай-Гусачэнкі.
Тамара Краснова-Гусачэнка – аўтар 23 кніг паэзіі, прозы, твораў для дзяцей, лаўрэат шматлікіх міжнародных літаратурных прэмій, лаўрэат Першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Паэзія», «Чалавек года Віцебшчыны-2011». За сваю літаратурную і грамадскую дзейнасць Тамара Краснова-Гусачэнка адзначана медалём імя Францыска Скарыны, Ганаровай Граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
На кадрах электроннай прэзентацыі «Со мною вечность говорит...» перад удзельнікамі ўрачыстага вечара паўсталі вехі жыццёвага шляху Тамары Красновай-Гусачэнкі. Тамара Іванаўна расказвала пра сваё дзяцінства, пра бацькоў, дзяцей, пра родныя мясціны, выдадзеныя кнігі, асабліва дарагія яе сэрцу ўзнагароды і творчыя сустрэчы. У выкананні аўтара прагучала нямала вершаў, многія з якіх даўно прыйшліся даспадобы прыхільнікам творчасці паэтэсы. Увазе прысутных быў прадстаўлены ўрывак відэафільма з выступленнем старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, дзе гучыць высокая адзнака творчасці Тамары Красновай-Гусачэнкі.
З юбілейнай датай Тамару Іванаўну павіншавалі намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Пенін, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пётр Гнуценка, намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Пётр Падгурскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыянок.
У адрас Тамары Красновай-Гусачэнкі прыйшло нямала віншавальных тэлеграм. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Саюз пісьменнікаў Расіі, рэдакцыя часопіса «Наш современник», калектывы многіх грамадскіх аб'яднанняў рэспублікі павіншавалі са знамянальнай датай бяззменнага кіраўніка Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, які ўзначальвае гэтую арганізацыю з 2005 года.
Цёплыя словы віншаванняў прагучалі ў выступленнях старшыні Каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый Валерыяна Мацкевіча, старшыні абкама прафсаюзаў работнікаў культуры Алены Сабіравай, старшыні Віцебскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Уладзіміра Каташука, дырэктара Віцебскай абласной філармоніі Алены Падаляк, намесніка дырэктара тэлевізійнага канала «АртВидэа» Святланы Пацянковай, педагагічнага калектыву дашкольнай установы № 18 г. Віцебска.
Высокая адзнака паэтычнага дару Тамары Іванаўны прагучала ў выступленнях калег-паэтаў Вольгі Русілкі і Мікалая Намеснікава. Даўняе сяброўства звязвае Тамару Краснову-Гусачэнку з многімі прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі горада. Прысутныя на вечарыне мастакі Юрый Зуеў і Аляксандр Гвоздзікаў, кампазітар Аляксандр Іваноў, канцэртмайстар Віталь Рауза выказалі нямала добрых словаў у адрас Тамары Іванаўны.
Віцебскай абласной бібліятэкай да юбілею паэтэсы быў выдадзены біябібліяграфічны паказальнік «Душа – гениальная форма спасенья...», які ўручыла Тамары Іванаўне дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян.
Тамара Краснова-Гусачэнка часты госць у многіх установах адукацыі горада Віцебска. Асабліва цеснае сяброўства звязвае паэтэсу з гімназіяй № 3 імя А. С. Пушкіна. Дырэктар гімназіі Людміла Сомава ўручыла Тамары Іванаўне пасведчанне «Ганаровы выкладчык гімназіі», а навучэнцы гімназіі прадставілі ўвазе гасцей вечара літаратурную кампазіцыю па творах паэтэсы і цудоўнае выступленне ўзорнага ансамбля «Перапёлачка». Падарункам ад педагогаў і навучэнцаў Музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага стала выступленне Аляксандры Савіных (скрыпка) з кампазіцыяй «Танга».
На вершы Тамары Красновай-Гусачэнкі напісана нямала песень беларускімі кампазітарамі. Святочны вечар быў упрыгожаны песнямі на музыку кампазітараў Аляксандра Іванова і Віктара Шавякова ў выкананні салісткі Віцебскай абласной філармоніі Аксаны Новікавай, выкладчыка Бабініцкай дзіцячай школы мастацтваў Вікторыі Лабкоўскай, хора ветэранаў. Гімн горада Віцебска (словы Тамары Красновай-Гусачэнкі, музыка Аляксандра Рауза) прагучаў у выкананні канцэртнай групы Віцебскага маладзёжнага хору.
У завяршэнне юбілейнага вечара «Со мною вечность говорит...» прагучалі «Сола для саксафона» лаўрэата музычных фестываляў Ігара Кошалева і кампазіцыя «Вечнае каханне» ў выкананні Аляксандры Савіных.