
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Віцебск шматнацыянальны ў 1920-я гг.»
- Details
- Створана 26.03.2018 14:22
Чарговыя заняткі бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада» адбыліся 22 сакавіка. Тэма: «Віцебск шматнацыянальны ў 1920-я гг.».
Загадчык кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. М. Машэрава Анатоль Дулаў расказаў пра галоўныя задачы, мэты, складанасці палітыкі беларусізацыі ў азначаны перыяд. 80% насельніцтва Беларусі ў той час складала малаадукаванае сялянства. У гарадах пераважала яўрэйскае і рускае насельніцтва. Данесці ідэі пабудовы сацыялістычнага грамадства да шырокіх мас можна было на той мове, на якой размаўляла большасць жыхароў нашай краіны – на беларускай. Нягледзячы на ўсе складанасці, у перыяд 1920-х гадоў было шмат зроблена для фарміравання беларускай нацыі, развіцця беларускай мовы. Працавала тэрміналагічная камісія, адбываўся перавод органаў перыядычнага друку на беларускую мову, перавод справаводства на беларускую мову, пашыралася кнігавыданне на беларускай мове, беларусізацыя адукацыі, органаў кіравання і арміі. У 1926 годзе адбылася рэформа правапісу.
У той час у краіне былі 4 дзяржаўныя мовы – беларуская, руская, польская і ідыш. Пра асаблівасці нацыянальнай палітыкі расказаў дырэктар Віцебскага філіяла МІТСО, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Дзядзінкін. На Віцебшчыне існавалі яўрэйскія, польскія, літоўскія, латышская аб'яднанні. Нягледзячы на палітыку беларусізацыі, кожная з этнічных супольнасцяў мела нацыянальныя школы. Беларускіх школ было 80%.
Пра нацыянальную супольнасць латышоў у рэгіёне расказала дацэнт кафедры агульнай гісторыі і сусветнай культуры ВДУ імя П. М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук Галіна Якаўлева. Значная колькасць латышоў служылі ў Віцебскім гарнізоне, былі латышскія бежанцы, якія ў выніку падзей Першай сусветнай вайны апынуліся ў Віцебскай губерніі. Латышы складалі большасць насельніцтва Латгальскага павета Віцебскай губерніі. У 1920-я гады многія латышы займалі кіраўнічыя пасады ці служылі ў сілавых структурах. У Віцебску існаваў латышскі клуб, пры якім былі створаны піянерскі атрад, харавы, драматычны гурткі і інш. Латышскія калоніі на Віцебшчыне былі прыкладам цывілізаванай сялянскай гаспадаркі.
Удзел у барацьбе за ўладу Саветаў прымалі кітайскія рабочыя, якія ў пошуках лепшай долі апынуліся ў Расійскай імперыі ў пачатку XX ст. У Віцебску кітайцы з'явіліся ў 1920 годзе. Яны працавалі на рамеснай вытворчасці, рознарабочымі. Некаторыя з іх уваходзілі ў батальён па ахове ваенных аб'ектаў, ваявалі з белапалякамі. У 1920-я–1930-я гады існаваў кітайскі калгас. Падрабязна пра кітайцаў на Віцебшчыне, стварэнне калгаса «Кантонская камуна» расказаў галоўны захавальнік фондаў ДУ «Віцебскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей» Сяргей Марціновіч. На лекцыі таксама прысутнічала праўнучка аднаго з заснавальнікаў кітайскага калгаса Міхаіла Сін-Су-Дзі Арыяна Якаўлева.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.
Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі і на старонцы «В Контакте».