
Прэзентацыя беларускага перакладу «Новага Запавету Госпада нашага Іісуса Хрыста»
- Details
- Створана 15.03.2018 13:06
13 сакавіка, напярэдадні Дня праваслаўнай кнігі, у сценах Віцебскай абласной бібліятэкі адбылася прэзентацыя беларускага перакладу «Новага Запавету Госпада нашага Іісуса Хрыста». Праграма святкавання Дня праваслаўнай кнігі ў Віцебскай епархіі вельмі насычаная, але мерапрыемства, якое адбылося ў бібліятэцы, займала цэнтральнае месца ў гэтай праграме.
Прывітальнае слова Архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя зачытаў сакратар Віцебскай епархіі, протаіерэй Уладзімір Рэзановіч. Значнасць дадзенай падзеі падкрэсліў таксама галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак.
У 2017 годзе да 500-годдзя з дня выдання першай кнігі Бібліі Францыскам Скарынам Беларускай Праваслаўнай Царквой быў выдадзены Новы Запавет, перакладзены праваслаўнымі багасловамі і філолагамі на сучасную беларускую мову са старажытнагрэчаскага арыгінала. «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» – плён саборнай перакладчыцкай дзейнасці членаў Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія распачалі гэтую працу 25 гадоў таму па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта ў супрацоўніцтве з Біблейскай супольнасцю Беларусі.
Пра руплівую працу Біблейскай багаслоўскай камісіі, задачы, што стаялі перад камісіяй, асаблівасці працы над перакладам, расказаў сакратар Біблейскай багаслоўскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, доктар філалагічных навук Іван Чарота.
Член Біблейскай багаслоўскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, протаіерэй Сергій Гардун падрабязна спыніўся на папярэдніх перакладах «Новага Запавету», асобах перакладчыкаў.
Словы падзякі шаноўным гасцям за іх руплівую працу, вынікам якой стаў выхад у свет унікальнага выдання, выказала дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян. У дар ад Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы публічныя бібліятэкі сеткі Міністэрства культуры, якія знаходзяцца на тэрыторыі Віцебскай епархіі, атрымалі асобнікі кнігі «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста».
Падчас мерапрыемства прагучалі духоўныя спевы ў выкананні хора Віцебскай духоўнай семінарыі.