
«Вянок жыцця са слоў і фарбаў» А. Лазебнай
- Details
- Створана 19.02.2018 15:04
15 лютага адбылося адкрыццё першай персанальнай выставы батыка «Вянок жыцця са слоў і фарбаў» старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, журналісткі Анастасіі Пятроўны Лазебнай.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская, мастацтвазаўца Міхаіл Цыбульскі.
Працягам імпрэзы «Вянок жыцця са слоў і фарбаў» стала творчая вечарына Стасі Наркевіч (Настассі Лазебнай) і прэзентацыя яе новай кнігі для дзяцей «Неверагодныя здарэнні на неверагоднай планеце». Распачалася вечарына яскравым выступленнем фальклорнага калектыву педагагічнага факультэта ВДУ «Вясёлка» пад кіраўніцтвам Юльяны Сусед-Вілічынскай. Старонкі жыцця Анастасіі Лазебнай паўсталі перад удзельнікамі імпрэзы на кадрах відэафільма, які падрыхтаваў Фёдар Грынеўскі, а агучылі Анатоль Дулаў і Таццяна Дубоўская.
Са значнымі падзеямі: адкрыццём першай ўласнай выставы, выхадам у свет новай кнігі і 65-годдзем з дня нараджэння, якое Анастасія Лазебная адзначыла летась, Анастасію Пятроўну павіншавалі пісьменнікі Уладзімір Папковіч, Франц Сіўко, Людміла Сіманёнак, Галіна Сінякова.
Анастасія Лазебная – чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, заўсёды была ў цэнтры грамадскага жыцця нашага горада. Разам з выступіўшымі на вечарыне Святланай Залесскай і Наталляй Салаўёвай удзельнічала ў працы літаратурнага аб'яднання «Крыніцы» на прадпрыемстве КІМ. З Таццянай Верамей вялі грамадскую працу ў гарадскім савеце жанчын АА «Беларускі саюз жынчын». Пісьменніца Вольга Маслюкова ўзгадала гады сумеснага супрацоўніцтва ў газеце «Анастасія», рэдактарам якой была Анастасія Лазебная.
У 2017 годзе пабачыла свет новая кніга пісьменніцы «Неверагодныя здарэнні на неверагоднай планеце». Кандыдат філалагічных навук, стыль-рэдактар газеты «Мы і час» Таццяна Дубоўская расказала пра творчасць Стасі Наркевіч і пра новую кнігу. Каб чытаць кнігу было яшчэ цікавей, ледзь не на кожным развароце кніжкі можна размаляваць графічныя работы мастачкі Алены Сянько. Алена Сянько ўзгадала, што сумесная праца са Стасяй Наркевіч доўжыцца ўжо пяць год, за гэты час выйшла тры кнігі казак-размалёвак.
Аптымізм, прыязнасць, дабразычлівасць Анастасіі Пятроўны прыцягваюць да яе людзей. Гэта адзначылі у сваіх выступленнях тэлевядучы Сяргей Маркаў, Ніна Сінякова, гэтая ж думка гучала ў віншаваннях усіх прысутных. Напрыканцы вечарыны Анастасія Лазебная правяла невялікую віктарыну і ўручыла пераможцам памятныя падарункі – ўласныя батыкі і размаляваныя падушкі.