
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Штодзённае жыццё віцяблян у 1920-я гады»
- Details
- Створана 12.02.2018 13:30
8 лютага ў бібліятэцы адбыліся чарговыя заняткі бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». Тэма: «Штодзённае жыццё віцяблян у 1920-я гады».
Лектарамі выступілі загадчык кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Дулаў і вядучы архівіст Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Святлана Мясаедава.
Анатоль Мікалаевіч расказаў пра палітычнае становішча, стан сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў 20-я гады XX стагоддзя ў Беларусі, паступовы пераход да НЭПа. Выступленне Святланы Мясаедавай было прысвечана дробязям штодзённага жыцця віцяблян у паслярэвалюцыйны час. Былі закрануты розныя бакі паўсядзённасці: шлюбныя адносіны, выхаванне дзяцей, дзіцячыя садкі, магазіны цацак і парфюму, школы, грошы, банкі, сацыяльныя дамы і многае іншае ў Віцебску 20-х гадоў.
Слухачам курсаў цікава было даведацца пра прадуктовыя карткі, кошт прадуктаў харчавання, зарплату жыхароў горада ў тыя гады. Пра ўсё гэта Святлана Мікалаеўна расказала, абапіраючыся на статыстычныя дадзеныя Віцебскага губернскага статыстычнага бюро і іншыя архіўныя дакументы. Паколькі многія бакі паўсядзённасці яшчэ не разглядаліся, тэма будзе працягнута на наступных лекцыях.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі і на старонцы «У Кантакце».