
Літаратурна-музычная вечарына да 100-годдзя арміі Беларусі
- Details
- Створана 09.02.2018 08:51
7 лютага ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная вечарына «Урокі мужнасці», прысвечаная 100-годдзю арміі Беларусі. Мерапрыемства, падрыхтаванае супрацоўнікамі бібліятэкі сумесна з Віцебскай гарадской і абласной арганізацыямі воінаў вайны ў Афганістане, сабрала ветэранаў вайны і ўзброеных сіл, былых малалетніх вязняў канцлагераў, ваеннаслужачых, кадэтаў, студэнцкую моладзь.
Са словамі віншавання са значнай датай у гісторыі арміі Беларусі да ўдзельнікаў вечарыны звярнуўся галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Марчанка. Вядучыя вечарыны – Марыя Кіянка, старшыня жансавета Віцебскай гарадской арганізацыі «Братство», удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане і загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова нагадалі прысутным пра вехі гісторыі Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Выступленні старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валяр'яна Мацкевіча і члена ГА ветэранаў «Саюз афіцэраў і прапаршчыкаў 339 авіяцыйнага палка» Уладзіміра Пенкіна былі прысвечаны слаўным старонакам гісторыі нашай арміі. Ваенны камісар аб'яднаных ваенкаматаў г. Віцебска, Віцебскага і Лёзненскага раёнаў, палкоўнік Аляксандр Няфёдаў і псіхолаг батальёна сувязі 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Андрэй Баланэску падкрэслілі высокую баягатоўнасць і абароназдольнасць беларускай арміі.
Старшыня Савета ВДА «Братэрства» Валерый Ананчанка ўручыў памятныя ўзнагароды воінам-інтэрнацыяналістам Віктару Пахомчыку і Івану Бурлаку.
У выкананні воінаў-інтэрнацыяналістаў Віктара Пахомчыка, Андрэя Голуба, сыноў воінаў-інтэрнацыяналістаў – старшага прапаршчыка Аляксея Масальскага і курсанта Дзмітрыя Лебедзева прагучалі песні, прысвечаныя баявому братэрству, мужнасці салдат і афіцэраў.
Сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных стала літаратурна-мастацкая кампазіцыя ў выкананні кадэтаў Віцебскага кадэцкага вучылішча Уладзіміра Ізотава, Артура Макарэвіча, Елізаветы Дамалеўскай і Арыны Паваротнай.