
Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў «Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі» Віцебскага аблвыканкама
- Details
- Створана 03.01.2018 13:12
27 снежня ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў «Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі» Віцебскага аблвыканкама.
Народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка – ураджэнец вёскі Пуцілкавічы Ушацкага раёна. Пра асобу творцы і ўшанаванне памяці народнага паэта ў Беларусі ўдзельнікам святочнага мерапрыемства нагадаў вядучы цырымоніі – галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак. З мэтай ушанавання памяці знакамітага пісьменніка-земляка Віцебскім аблвыканкамам у 2012 годзе была заснавана «Літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі». Пачынаючы з 2017 года прэмія будзе ўручацца ў год намінавання.
Пісьменнікаў-лаўрэатаў прэміі павіншаваў з пачэснай узнагародай начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў.
У намінацыі «Проза» «Літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі» прысуджана Ганне Навасельцавай за кнігу міфалагічных апавяданняў «І чарам сніцца чалавек».
У гэтай жа намінацыі «Літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі» прысуджана Аркадзю Падліпскаму за кнігі «Улица Гоголя, 6», «Улица Ленина, 32», «Улица Суворова, 3» і «Улица 1-я Доватора, 14/9» з аўтарскай публіцыстычнай краязнаўчай серыі «Биография витебского дома».
У намінацыі «Паэзія» «Літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі» прысуджана Алене Фядзяевай за зборнік вершаў «Дар Божий – жизнь».
У намінацыі «Літаратура для дзяцей» «Літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі» прысуджана Тамары Красновай-Гусачэнка за кнігу «Детский мир».
Выступленне лаўрэата рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, салісткі Віцебскай абласной філармоніі Таццяны Моўлі ўпрыгожыла ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання.