
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Дом І. В. Вішняка і яго гісторыя»
- Details
- Створана 11.12.2017 13:13
14 снежня ў бібліятэцы адбыліся чарговыя заняткі бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада» на тэму «Дом І. В. Вішняка і яго гісторыя».
Пра гісторыю вядомага ў горадзе будынка напярэдадні адкрыцця Музея Віцебскага народнага вучылішча расказала доктар мастацтвазнаўства, прафесар Таццяна Катовіч, якая прадставіла на лекцыі сваю новую кнігу «Особняк Вишняка = школа Шагала».
Вуліца, на якой знаходзіцца Музей Віцебскага народнага вучылішча, за сваю доўгую гісторыю пераймяноўвалася 7 разоў: завулак Васкрасенскі, вуліца Васкрасенская, Бухарынская, Абаронная, Авіяцыйная, Праўды, Шагала. Дом банкіра Ізраіля Вульфавіча Вішняка быў пабудаваны ў 1913 годзе і мае багатую гісторыю: тут з 1918 да 1923 года размяшчалася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, у розныя гады – музычны тэхнікум, дзіцячы дом, паліклініка, жылы дом, будаўнічыя трэсты № 8, № 9, вылічальны цэнтр. У 1998 годзе будынак перададзены Віцебскаму цэнтру сучаснага мастацтва.
Таццяна Віктараўна падрабязней спынілася менавіта на тым перыядзе, калі Віцебск стаў цэнтрам мастацкага жыцця і ў вучылішчы працавалі Шагал, Малевіч, Дабужынскі, Ермалаева. Таксама слухачы курсаў паглядзелі ўрыўкі відэастужак пра акцыі мастакоў творчага аб'яднання «Квадрат» ля сцен будынка.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.
Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі http://vlib.by/index.php/ru/vitsebsk-realnaya-i-papulyarnaya-gistoryya-2016 і на старонцы «В Контакте»: https://vk.com/histvitebsk.