
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Гісторыя Віцебска па старонках «Віцебскіх сшыткаў»
- Details
- Створана 27.11.2017 15:38
23 лістапада ў бібліятэцы адбыліся чарговыя заняткі бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада» на тэму «Гісторыя Віцебска на старонках "Віцебскіх сшыткаў" (1–5)».
Праз 17 год пасля выхаду ў свет чацвёртага нумару адноўлена выданне гістарычнага навукова-папулярнага альманаха «Віцебскі сшытак».
Пяты нумар выдання прэзентавала рэдактар альманаха Людміла Хмяльніцкая, якая адзначыла, што ніша, якую займаў «Віцебскі сшытак» усе гэтыя гады, не была занятая. Гаворка ішла пра асаблівасці выдання, яго мастацкае аздабленне, рубрыкі, тэмы, якія былі ўзнятыя.
Людміла Уладзіміраўна звярнулася да папярэдніх выпускаў выдання і нагадала прысутным, што кожны «Віцебскі сшытак» прысвечаны пэўнай тэме. У 1995 годзе выйшаў першы нумар альманаха, які быў прысвечаны гісторыі віцебскага іезуіцкага калегіума. Другі нумар альманаха, які выйшаў у 1996 годзе, прысвечаны 400-годдзю Берасцейскай уніі і 400-годдзю надання Віцебску магдэбургскага права. Тэма трэцяга нумару – Віцебшчына ў пачатку XIX стагоддзя. Чацвёрты нумар альманаха змяшчае матэрыялы пра падзеі на мяжы XIX–XX стагоддзяў на Віцебшчыне.
У першых трох выпусках друкаваліся ўспаміны Максіміліяна Маркса (1816–1893) пра жыццё ў Віцебску ў 1821–1840 гг. У новым нумары альманаха мы зноў сустрэнемся з матэрыяламі пра Максіміліяна Маркса і з яго нататкамі. Акрамя таго, з'явіўся новы раздзел Latgale, прысвечаны гісторыі Латгаліі, якая да пачатку XX стагоддзя ўваходзіла ў склад Віцебскай губерні.
Альманах «Віцебскі сшытак» многім адкрыў невядомыя старонкі гісторыі Віцебшчыны, забытыя імёны. Традыцыі выдання працягваюцца: у пятым выпуску альманаха змешчаны матэрыял пра ўнучку Тамаша Зана, славутую польскую паэтэсу Казіміру Ілаковіч.
Пяты выпуск альманаха прысвечаны шляхецкім рэзідэнцыям Віцебшчыны. Людміла Хмяльніцкая расказала пра маёнтак Беліца роду Свяцкіх. На лекцыі таксама выступілі аўтары Ала Арлова і Аляксандр Аніськовіч, матэрыялы якіх пра Бачэйкава і Лявонпаль змешчаны ў альманаху.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.
Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі и на старонцы «В Контакте».