
Творчая сустрэча з пісьменніцай Наталляй Батраковай
- Details
- Створана 16.10.2017 10:48
12 кастрычніка ў бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з беларускай пісьменніцай Наталляй Батраковай, якая прэзентавала тэматычны зборнік вершаў «Экстрасистолы любви. Монолог женщины».
Наталля Батракова – вядомая беларуская пісьменніца, аўтар бэстсэлераў «Территория души», «Площадь согласия», а яе раман «Миг бесконечности» ў двух тамах стаў самай прадаванай мастацкай кнігай у Беларусі ў 2012 годзе.
Паэтычныя зборнікі Наталлі Батраковай «Состояния души», «Сто сорок жизненных мгновений», «Я играю не по правилам» вытрымалі некалькі выданняў.
Кнігі Наталлі Батраковай шчырыя, душэўныя і праўдзівыя, дапамагаюць станавіцца лепш, зразумець сябе і іншых.
Удзельнікаў сустрэчы цікавіла ўсё: дзе нарадзілася і вучылася, любімая кніга ў дзяцінстве, як нараджаецца задума твора, як праходзіць праца з матэрыяламі для кніг, калі стала выдаваць свае кнігі, якія рысы характару шануе ў людзях ...
Акрамя пісьменніцкага таленту, Наталля Батракова валодае дарам выдатнага апавядальніка – на працягу ўсёй сустрэчы чытачы і прыхільнікі слухалі яе прамову з непадробнай цікавасцю.
Госця распавяла аб працэсе напісання літаратурнага твора: «Пісаць кнігу – гэта як маляваць рыбку. Ведаеш, што ў яе абавязкова будзе галава і хвосцік, а што ўсярэдзіне, спачатку невядома. Але яна павінна атрымацца «смачнай». Пішу збольшага тыя кнігі, якія хацела б прачытаць сама. Пішу не па правілах, простымі словамі. Можа, людзі менавіта гэта і шукаюць».
Свой зборнік вершаў Наталля параўноўвае з кардыяграмай любові, адсюль і назва. Экстрасістала – гэта парушэнне сардэчнага рытму, моцны сардэчны штуршок з правалам ці заміраннем пасля яго. Як само каханне – пачуццё нясталае, з рознымі эмацыйнымі станамі, ад шалёнага шчасця, да страшнай горычы.
У зборнік увайшло 139 вершаў. Некаторыя з іх публікаваліся раней, ёсць і зусім новыя. «Экстрасистолы любви. Монолог женщины» выбудаваны як споведзь пачуццяў.
Вершы, прачытаныя пісьменніцай, не пакінулі абыякавым ні аднаго слухача ў зале. Кожны верш, які прагучаў, кожная лірычная замалёўка знайшлі шлях да сэрца слухача.
Прыемным сюрпрызам для прыхільнікаў Наталлі Батраковай стаў яшчэ адзін яе талент – спяванне – шчырае, пяшчотнае, лірычнае і эмацыянальнае.
Сустрэча з пісьменнікам прынесла ўсім масу станоўчых эмоцый і стала для многіх дзіўным і цікавым адкрыццём. Напрыканцы сустрэчы адбылася аўтограф-сесія з набыццём кніг, якія вельмі хутка былі раскуплены.