
Літаратурна-музычная вечарына «Пад небам Песняра»
- Details
- Створана 16.11.2017 07:13
14 лістапада ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна адбылася літаратурна-музычная вечарына да 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусi Якуба Коласа «Пад небам Песняра».
Імпрэза пачалася чароўнай кампазіцыяй «Мой родны кут» у выкананні трыа выкладчыкаў Дзіцячай школы мастацтваў № 1 г. Віцебска. Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамара Краснова-Гусачэнка расказала прысутным пра вялікую працу па папулярызацыі беларускай літаратуры, якая вядзецца пісьменнікамі – членамі аддзялення, прачытала свой новы, напярэдадні напісаны верш.
Значнасць творчасці Якуба Коласа для сусветнай літаратуры, сапраўдную энцыклапедычнасць паэмы «Новая зямля» падкрэсліў у сваім выступленні паэт, загадчык секцыі паэзіі Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Мікалай Намеснікаў. Паэтэса, кандыдат філалагічных навук Вольга Русілка прачытала верш-прысвячэнне Якубу Коласу. Пра тое, што менавіта паэма «Новая зямля» натхніла яго на напісанне кніг пра родныя мясціны, свой радавод, расказаў кандыдат сельскагаспадарчых навук Міхаіл Дзятлаў. Верш, прысвечаны малой радзіме – Пастаўшчыне, прачытала паэтэса, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Алена Гінько.
Да юбілею народнага паэта Беларусі Якуба Коласа Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа быў абвешчаны конкурс сярод навучэнцаў «Жыве паэт між намі тут», у якім прынялі ўдзел і юныя паэты з Віцебска. Верш вучаніцы сярэдняй школы № 45 Ганны Аношкі прадставіла ўвазе прысутных паэтэса Вольга Русілка. Вучаніца гімназіі № 7 Анастасія Макаўцова прачытала ўласны верш «Любімы сын свайго народа».
Імя Якуба Коласа з 1944 года носіць драматычны тэатр у Віцебску. Пра пастаноўкі коласаўскіх твораў на сцэне тэатра расказаў літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, тэатразнаўца Юрый Іваноўскі. Удзельнікі імпрэзы паглядзелі ў запісы сцэны некаторых спектакляў.
Сапраўдным падарункам для ўдзельнікаў вечарыны стала выступленне народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Тадэвуша Кокштыса, які выканаў урывак з ролі Жабрака па п'есе «Сымон-музыка» і падзяліўся сваімі ўспамінамі пра сустрэчы з роднымі Якуба Коласа на радзіме паэта.
Родныя мясціны Якуба Коласа паўсталі на кадрах відэафільма «Шлях паэта», і на развітанне прагучаў голас Песняра.