
Прэзентацыя кнігі Антона Параскевіна (Віктара Улюценкі) «Валуны родной сторонки»
- Details
- Створана 25.09.2017 07:53
21 верасня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Антона Параскевіна (Віктара Улюценкі) «Валуны родной сторонки». Віктар Улюценка – краязнаўца, паэт, празаік, урач, член Беларускага саюза журналістаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нарадзіўся і працуе пісьменнік у г. п. Шуміліна. Даследуе гісторыю і культуру Шуміліншчыны, помнікі гісторыі і архітэктуры.
«Валуны родной сторонки» – шостая кніга Віктара Улюценкі. У 2017 годзе пісьменнік намінаваўся на Нацыянальную літаратурную прэмію. Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамара Краснова-Гусачэнка расказала пра жыццёвы і творчы шлях Віктара Улюценкі і ўручыла яму вышэйшую ўзнагароду Саюза пісьменнікаў Беларусі – медаль «За вялікі ўклад у літаратуру».
З заслужанай узнагародай і выхадам у свет новай кнігі Віктара Улюценку павіншавалі галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валерый Марчанка, намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ветэранаў Міхаіл Ляшчынскі, грамадскі дзеяч Зоя Крот, загадчык секцыі паэзіі Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» паэт Мікалай Намеснікаў. Цёплыя словы пра роднага чалавека сказала жонка пісьменніка Марыя Мікалаеўна.
Многія творы Віктара Васільевіча прысвечаныя духоўным каштоўнасцям, праваслаўным святыням. За літаратурную дзейнасць ён узнагароджаны памятным знакам «200 лет Христианству». Адзначыўшы, што 21 верасня адзначаецца Раство Прасвятой Багародзіцы, Віктар Улюценка прачытаў свой верш «С чего начинается свет?». Адказваючы на пытанне пра псеўданім, пісьменнік растлумачыў, што ўзяў яго ў гонар святой Параскевы Пятніцы, апякункі ачага, міру, любові. Прысутные даведаліся і пра тое, чаму менавіта валуны прыцягнулі ўвагу даследчыка роднага краю. Удзельнікі імпрэзы былі прыемна ўражаны песнямі на словы і музыку Віктара Улюценкі, запісы якіх прагучалі падчас сустрэчы. У падарунак чытачам абласной бібліятэкі аўтар перадаў па некалькі асобнікаў сваіх кніг.