
Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Жаночы подзвіг у гісторыі Беларусі. 1917–2017 гады»
- Details
- Створана 30.10.2017 06:21
26 кастрычніка ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Женский подвиг в истории Беларуси. 1917–2017 годы». Заснавальнікі канферэнцыі – Міжнародная грамадская арганізацыя «Саюз праваслаўных жанчын», дзяржаўная ўстанова «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», Віцебскае абласное аб'яднанне праваслаўных жанчын, Сястрыцтва ў гонар святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі ў горадзе Віцебску Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Фадзеенкаў, духоўнік Віцебскай абласной грамадскай арганізацыі праваслаўных жанчын, кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі протаіерэй Андрэй Смольскі, сустаршыня Праўлення Міжнароднай грамадскай арганізацыі «Саюз праваслаўных жанчын», член камісіі Міжсаборнай прысутнасці па пытаннях грамадскага жыцця, культуры, навукі і інфармацыі, член Бюро Прэзідыума Сусветнага Рускага Народнага Сабора, к. г. н. Ніна Жукава, старшыня Віцебскага абласнога грамадскага аб'яднання праваслаўных жанчын, кіраўнік Дыяканічнага цэнтра Віцебскай епархіі Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы Іна Касцюковіч.
Для ўдзелу ў канферэнцыі было пададзена больш за 40 заявак ад краязнаўцаў, гісторыкаў, супрацоўнікаў музеяў, бібліятэк, прадстаўнікоў рэлігійных і грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі з Беларусі, Расіі, Латвіі. 35 выступоўцаў прынялі ўдзел у рабоце наступных секцый: «Служэнне жанчын у Праваслаўнай Царкве», «Жанчыны ў войнах і ўзброенных канфліктах», «Працоўны подзвіг жанчын у гісторыі Беларусі».
Матэрыялы канферэнцыі знаходзяцца ў адкрытым доступе на галоўнай старонцы сайта Віцебскай абласной бібліятэкі:http://vlib.by/index.php/ru/zhenskij-podvig.