
Літаратурная вечарына «Дзень Перамогі – галоўнае свята»
- Details
- Створана 03.05.2017 07:06
10 мая ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася літаратурная вечарына «Дзень Перамогі – галоўнае свята», арганізаваная сумесна з Віцебскім абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Дзень Перамогі – галоўнае свята для ўсіх жыхароў нашай краіны, дзе кожны трэці загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Моладзь і людзі старэйшага пакалення прыйшлі ў абласную бібліятэку аддаць даніну памяці і павагі людзям, што набліжалі Перамогу ў тыле і на фронце, перажылі той страшны час, даніну ўдзячнасці воінам-вызваліцелям за свабоду, мірнае жыццё, за тое, што яны выстаялі і перамаглі.
Цесна звязаны з Беларуссю лёс сям'і старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамары Іванаўны Красновай-Гусачэнкі. У Беларусі ваяваў бацька Тамары Іванаўны, на Буйніцкім полі загінуў дзядзька Андрыян Рудакоў, зусім нядаўна сям'я знайшла прапаўшага без вестак другога дзядзьку – Барыса Цыкіна, які быў пахаваны ў Мёрах у брацкай магіле на Плошчы загінулых барацьбітоў. 72 гады мінула з часу Вялікай Перамогі, але вайна не адпускае нас, у кожнай сям'і ёсць свой боль, звязаны з гэтай вайной. Тамара Іванаўна яшчэ раз падкрэсліла неабходнасць не губляць памяць пра страшныя падзеі вайны, берагчы мір. Паэт, загадчык секцыі паэзіі Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Намеснікаў прачытаў удзельнікам вечарыны ўрыўкі з успамінаў пра Вялікую Айчынную, якія ён занатаваў падчас вандровак па Віцебшыне. Старонкі сваіх твораў, прысвечаных падзеям вайны, узгадаў паэт, празаік Уладзімір Крайнеў.
Вершы паэтаў Алега Салтука, Ніны Давыдзенкі, Барыса Беляжэнкі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, прачыталі супрацоўнікі Віцебскай абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова, Алёна Яфімава, Ганна Галімская. Вечарына была аздобленна музычнымі кампазіцыямі ў выкананні навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. І. Салярцінаскага.